Папярэдні запіс увялі «ў сувязі зь вялікай колькасьцю зваротаў для ажыцьцяўленьня працэдуры прастаўленьня апастылю / легалізацыі афіцыйных дакумэнтаў».
Раней гэтую працэдуру можна было зрабіць у жывой чарзе.
Журнал запісу на прыём знаходзіцца ў Галоўным консульскім упраўленьні МЗС (Менск, вул. Карла Маркса, 37а). Запіс на прыём вядуць там жа ў працоўныя дні (акрамя серады) з 9:00 да 10:00 (ня больш за 50 чалавек або 120 дакумэнтаў у дзень). Запісацца праз тэлефон ці электронную пошту немагчыма.
Беспасярэдне падаць дакумэнты, гаворыцца ў паведамленьні, можа ўладальнік дакумэнтаў або нехта з даверанасьцю ад уладальніка дакумэнтаў.
Адна з умоваў легалізацыі / выстаўленьня апастылю на дакумэнце — наяўнасьць на ім пячаткі афіцыйнага органу з выявай дзяржаўнага герба. Не падлягаюць легалізацыі лямінаваныя дакумэнты, на іх таксама ня можа быць пастаўлены апастыль.
Акрамя таго, паводле інфармацыі, апастыль ня ставяць на арыгіналах наступных дакумэнтаў: пашпарта; ідэнтыфікацыйнай карты; пасьведчаньня кіроўцы; тэхнічнага пашпарта; пасьведчаньня аб рэгістрацыі прадпрыемства, ІП, нерухомасьці; працоўнай кніжкі; вайсковага білету; пасьведчаньняў, у тым ліку аб прысваеньні кваліфікацыі (ступені).
- Раней шырокі грамадзкі рэзананс выклікала некарэктна пададзеная інфармацыя аб патрабаваньні Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы не прымаць у беларусаў у рамках працэдураў легалізацыі дакумэнты савецкага ўзору без апастылю.
- МУСіА гэтую інфармацыю ў істоце зьняпраўдзіла. Ведамства адзначыла, што беларускія дакумэнты савецкага ўзору «павінны ацэньвацца гэтак жа, як і раней, і апастыль не павінен патрабавацца ў кожным выпадку (кіраўнік ЗАГСу павінен ацэньваць пададзены яму дакумэнт у кантэксьце праведзенай працэдуры)».
Форум