Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус ня можа звольніцца з украінскай арміі праз памылковы кантракт


Шэўрон, які носяць беларускія добраахвотнікі ва Ўзброеных сілах Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Шэўрон, які носяць беларускія добраахвотнікі ва Ўзброеных сілах Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Праз памылковы кантракт беларус ня можа звольніцца з украінскага войска і ня можа падаць зварот на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства.

Суд у Палтаве адмовіўся разглядаць пазоў беларуса-добраахвотніка, які спрабаваў праз суд дабіцца звальненьня з украінскага войска.

Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца з вайсковых колаў Украіны, грамадзянін Беларусі прасіў суд прызнаць супрацьпраўным дзеяньне вайсковай частцы аб падпісаньні зь ім кантракту як з грамадзянінам Украіны, а не зь іншаземцам, а таксама абавязаць вайсковую частку звольніць яго з войска.

Грамадзянін Беларусі падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны 24 лютага 2022 году на тры гады. У сакавіку таго году яго залічылі ў сьпісы асабовага складу як рэзэрвіста на пасаду тэхніка стралковай роты. У сакавіку 2023 году яго перавялі на пасаду кіроўцы-электрыка ўзводу стралковай роты.

Праз амаль два гады службы, у траўні 2024 году, беларус падаў рапарт аб звальненьні, але камандаваньне вайсковай часткі адмовілася яго звальняць. У чэрвені 2025 году ён зноў зьвярнуўся з рапартам аб звальненьні, але яго зноў не задаволілі. У вайсковай частцы патлумачылі, што няма падстаў яго падпісаць, паколькі беларус не надаў неабходныя для гэтага дакумэнты, а менавіта — кантракт аб праходжаньні замежнікам вайсковай службы ва Ўзброеных сілах Украіны. У беларуса такога кантракту няма, паколькі зь ім падпісалі дакумэнт, як з грамадзянінам Украіны.

Згодна з украінскім заканадаўствам, з іншаземцамі звычайна падпісваюць кантракт на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Пры гэтым грамадзянін замежнай краіны можа звольніцца з войска ўжо праз 6 месяцаў бесьперапыннай службы.

Суд вярнуў беларусу пазоў, паколькі той не ўклаўся ў тэрміны, адведзеныя для судовага звароту. Паводле заканадаўства, для абароны правоў аб прыняцьці грамадзян на публічную службу, яе праходжаньне і звальненьне, вызначаны адзін месяц. Такім чынам, грамадзянін Беларусі мог абскардзіць падпісаньне памылковага кантракту ў сакавіку 2022 году.

Грамадзянін Беларусі зьвярнуўся ў суд толькі 23 ліпеня 2025 году. Як адзначыў прадстаўнік беларуса-добраахвотніка, той проста ня ведаў, што зь ім падпісалі неадпаведны для іншаземца кантракт. Ён прасіў суд падоўжыць тэрмін магчымага звароту, аднак суд прызнаў непаважнымі прычыны пропуску звароту і вярнуў пазоў заяўніку.

У той жа час беларус можа абскардзіць гэтую адмову ў апэляцыйным парадку цягам 15 дзён — да канца жніўня.

Што папярэднічала

У сярэдзіне ліпеня Ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў Вольга Рашацілава разам з калегамі з Цэнтральнага ўпраўленьня абароны правоў вайскоўцаў Міністэрства абароны зьвярнулася ў Генэральны штаб з заявай аб правядзеньні праверкі абставін залічэньня аднаго грамадзяніна Беларусі і аднаго грамадзяніна Расеі на службу ва ўкраінскім войску.

«Яшчэ ў 2022 годзе мужчыны 1967 і 1981 гадоў нараджэньня вырашылі далучыцца да войска, бо, як самі кажуць, хацелі абараніць краіну, на тэрыторыі якой пражывалі. Аднак замест кантрактаў з замежнікамі зь імі падпісалі кантракты як з грамадзянамі Ўкраіны. Цяпер абодва мужчыны, у прыватнасьці, ня могуць звольніцца з войску, хоць, згодна з часткай 5 артыкулу 26 закону Ўкраіны „Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу“, павінны былі мець на гэта права. Апроч таго, праз памылкі, дапушчаныя ў працэсе залічэньня на вайсковую службу, абодва ня могуць атрымаць украінскае грамадзянства», — адзначала Ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў.

Згодна зь яе інфармацыяй, грамадзяне Расеі і Беларусі служаць у адной з вайсковых частак тэрытарыяльнай абароны Сухапутных войскаў Украіны.

Апроч праверкі, Вольга Рашацілава ініцыявала стварэньня супольнай з Генэральным штабам працоўнай групы, якая будзе разглядаць кожны выпадак і працаваць над адпаведнымі зьменамі да нарматыўна-прававых актаў.

Пакуль нічога не паведамлялася ні аб выніках праверкі, ні аб выніках дзейнасьці адмысловай працоўнай групы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG