Дзевятнаццаць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі падпісалі адкрыты ліст, у якім заклікалі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа працягваць ціск, каб дамагчыся вызваленьня да 1300 чалавек, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі з палітычных матываў, піша Reuters.
«Мы з павагай заклікаем Вас працягваць актыўныя намаганьні па неадкладным вызваленьні ўсіх вязьняў сумленьня ў Беларусі. Іх свабода ня толькі адновіць справядлівасьць для людзей, але і адкрые шлях да прымірэньня і дыялёгу», — гаворыцца ў лісьце.
Сярод падпісантаў — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Оскар Арыяс, ляўрэаты ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і Герта Мюлер, а таксама 16 ляўрэатаў прэмій у фізыцы, хіміі, мэдыцыне і эканоміцы.
Падпісанты таксама заклікалі спыніць палітычна матываваны судовы перасьлед, каб палегчыць вяртаньне беларусаў, якія масава ўцяклі за мяжу, калі Лукашэнка задушыў масавыя вулічныя пратэсты з-за спрэчных выбараў у 2020 годзе.
Трамп, які сьцьвярджае, што мае заслугу ў спыненьні шасьці войнаў, не хавае свайго жаданьня атрымаць Нобэлеўскую ўзнагароду. Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня ён апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Упершыню за пяць гадоў кіраўнік заходняй дзяржавы назваў Лукашэнку «прэзыдэнтам».
Трамп таксама сказаў, што зь нецярпеньнем чакае сустрэчы з Лукашэнкам, якога гадамі ігнаруюць заходнія краіны за парушэньне правоў чалавека і падтрымку вайны Расеі ва Ўкраіне. Трамп атрымаў ад Лукашэнкі запрашэньне прыляцець у Менск.
Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства працягваецца няспынна па сёньня.
Форум