У сваім інстаграме Карына Казлоўская падзялілася некалькімі здымкамі і паведамленьнем, што цяпер яна ў зборнай Польшчы, на зборах у Шчурку.
Як адзначыла спартоўка, на фінішы сэзону яе чакаюць два найгалоўнейшыя старты 2025 году — першынство Польшчы і першынство сьвету. Польскі чэмпіянат пройдзе з 28 па 31 жніўня ў Кракаве. А ўсясьветнае першынство працягнецца з 5 па 12 верасьня ў Кванджу (Паўднёвая Карэя).
Неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі ў стральбе з луку Карына Казлоўская, якая заняла разам з камандай 4-е месца на Алімпіядзе ў Токіё ў 2021 годзе, 31 траўня 2022 году паведаміла ў сваім інстаграме, што пакінула зборную і выехала з краіны.
«Пачынаючы з 2020 году я ў няспынным стрэсе. З прычыны Алімпійскіх гульняў, пандэміі, выбараў і пасьля палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне дагэтуль, і вайны ва Ўкраіне. Дзеля спорту я маўчала, цярпела прыніжэньне, пагрозы, запалохваньні. Пазбаўлялася ўсё большай колькасьці правоў, абрастала правіламі і кантролем, страчваючы ўвесь давер да людзей вакол мяне, а яны — да мяне. Усё дайшло да пункту невяртаньня, і я прыняла рашэньне зьехаць з краіны», — пісала тады яна.
У 2020 годзе Карына Казлоўская разам зь дзясяткамі іншых спартоўцаў падпісала ліст за сумленныя выбары. У лютым 2025 году, амаль праз тры гады пасьля пераезду зь Беларусі ў Польшчу, Казлоўская атрымала польскае грамадзянства. Пры гэтым у польскай зборнай лучніца пачала выступаць яшчэ раней, напрыклад, у чэрвені 2023-га з польскай нацыянальнай камандай Карына Казлоўская ўзяла бронзу на Кубку Эўропы.
Пры гэтым спартовая кар’ера экс-беларускі на новым месцы прабягае ня так бесклапотна. У кастрычніку 2023 году Казлоўская заявіла, што прыпыняе карʼеру праз канфлікт зь Янам Лахам — дырэктарам і трэнэрам клюбу «Лучнік» з гораду Жывец, які яна аказвала. Спартоўка была незадаволеная нагрузкамі і ўвогуле стаўленьнем да сябе. Паводле яе, дырэктар даходзіў да абразаў па нацыянальнай прыкмеце. Казлоўская нават падала ў суд і перамагла.
Але неўзабаве стала вядома, што яна засталася ў тым клюбе. Арганізацыя ня вылучыла яе на зборы з нацыянальнай камандай, і Казлоўская тады палічыла, што гэта зрабілі наўмысна, каб не пусьціць яе на Алімпіяду.
Цяпер, як вынікае з допісаў лучніцы, праблемы ў мінулым. Яна рыхтуецца прадставіць Польшчу на першынстве плянэты.
Форум