Беларусь гатовая арганізаваць сустрэчу Ўладзіміра Пуціна з Уладзімірам Зяленскім, калі гэта патрабуецца для забесьпячэньня міру. Пра гэта прэсавая сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла ў інтэрвію расейскаму выданьню «Ведомости».
«Беларусь на ролю пасярэдніка не напрошвалася і не напрошваецца, але калі трэба для міру ў нашай брацкай рэспубліцы — мы любую сустрэчу арганізаваць гатовыя. І правядзем усё на най вышэйшым узроўні. Але гэтую тэму прэзыдэнт Беларусі з амэрыканскім калегам [з Трампам падчас іх тэлефоннай размовы] не абмяркоўвалі», — сказала Эйсмант.
Сёньня стала вядома, што Швэйцарыя прадставіць прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну імунітэт ад перасьледу Міжнародным крымінальным судом (МКС) у Гаазе на сваёй тэрыторыі, калі Масква і Кіеў абяруць краіну для перамоваў на найвышэйшым узроўні. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Іньяцыё Касіс.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што спрабуе арганізаваць перамовы паміж Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Па дадзеных Sky News, сустрэча павінна прайсьці ў Эўропе. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прапанаваў зрабіць выключэньне для ордэра МКС для саміту.
Агенцтва Reuters паведамляла, што сустрэча можа адбыцца ў Будапэшце — Вугоршчына вырашыла выйсьці з МКС і не прызнае яго ордэра на кіраўнікоў дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Магда: паміж Лукашэнкам і Ціханоўскай Трамп выбірае Лукашэнку; Вячорка: Трамп можа стаць героем для многіх беларусаў