У ЗША заявілі, што не выключаюць паветранага падтрыманьня як гарантыі бясьпекі Ўкраіны

Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт

Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што паветраная падтрымка ЗША ёсьць «варыянтам і магчымасьцю» запэўненьня гарантыяў бясьпекі Ўкраіне.

Яна зрабіла гэтую заяву на брыфінгу 19 жніўня, дзе яе ня раз спыталі, якім можа быць унёсак ЗША ў гарантыі бясьпекі Ўкраіне, але, як і прэзыдэнт Дональд Трамп да яе, Левіт не падала ніякіх падрабязнасьцяў.

Прэс-сакратарка адзначыла, што ЗША могуць аказаць падтрыманьне ў паветры або ўдзельнічаць у «каардынацыі» дзеяньняў украінскіх сілаў, магчыма, маючы на ўвазе абмен выведнымі зьвесткамі.

«Прэзыдэнт даў зразумець, што амэрыканскія войскі ня будуць разьмешчаныя ва Ўкраіне, але мы, безумоўна, можам дапамагчы з каардынацыяй і, магчыма, забясьпечыць іншыя сродкі гарантыяў бясьпекі нашым эўрапейскім саюзьнікам», — сказала яна на брыфінгу.

Прэзыдэнт Трамп заявіў у інтэрвію Fox News 19 жніўня, што ён выключае магчымасьць разгортваньня амэрыканскіх войскаў ва Ўкраіне, але дадаў, што Злучаныя Штаты могуць аказаць паветраную падтрымку ў рамках угоды аб спыненьні вайны Расеі ва Ўкраіне.

Падчас тэлевізійнага інтэрвію прэзыдэнт Трамп сказаў, што эўрапейскія краіны гатовыя накіраваць ва Ўкраіну свае войскі.

«Мы гатовыя дапамагчы ім, асабліва калі ідзецца аб паветранай прасторы, бо ніхто не валодае такім арсэналам, як мы», — растлумачыў Дональд Трамп, падкрэсьліўшы, што ён выключае адпраўку амэрыканскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну.

Як піша The Wall Street Journal, амэрыканскія вайсковыя самалёты, якія базуюцца за межамі Ўкраіны, могуць быць выкарыстаныя для паветранага падтрыманьня эўрапейскага кантынгенту, ЗША могуць разьмясьціць паблізу Ўкраіны сродкі яго супрацьпаветранай абароны, амэрыканскія вайскова-транспартныя самалёты могуць перакідваць эўрапейскія войскі і вайсковую тэхніку.

У рамках гарантыяў бясьпекі, прапанаваных Украіне, Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія хочуць разьмясціць там войскі, заявіў прэзыдэнт ЗША.

Трамп пры гэтым прызнаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа не захацець заключаць угоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аддаць Данбас — гэта як аддаць Флёрыду». ЗША, Украіна і Эўропа дамовіліся пра сустрэчу Зяленскага і Пуціна і ня толькі

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на Алясцы ў канцы мінулага тыдня прэзыдэнт Трамп даручыў кіраўніку Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэралу Дэну Кэйну распрацаваць варыянты падтрымкі міжнародных сілаў, якія могуць разьмясьціцца на тэрыторыі Ўкраіны.

З словаў Дональда Трампа, ён чакае згоды Ўладзіміра Пуціна на прысутнасьць вайскоўцаў эўрапейскіх краін на тэрыторыі Ўкраіны як гаранта захаваньня мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай. У той жа час Масква фармальна працягвае настойваць, што ўдзел у такой апэрацыі сілаў краін NATO непрымальны для яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі бясьпекі, спыненьне агню, саміт, палонныя. У Белым доме прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны. ВІДЭА