Купалаўскі без купалаўцаў. Чым цяпер зарабляе галоўны тэатар краіны і як жывуць яго былыя зоркі

Зачынены ўваход у Купалаўскі тэатар. Жнівень 2020

5 гадоў таму Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы рыхтаваўся ўрачыста адсьвяткаваць 100-годзьдзе. Аднак падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў перакрэсьлілі ўсе пляны, кардынальна зьмяніўшы і сам тэатар, і лёсы актораў.

100-гадовы юбілей

2020 год быў для тэатру імя Янкі Купалы юбілейным, яму спаўнялася 100 гадоў. Да юбілею ў жніўні 2020 году выйшлі дзьве кнігі — «Гісторыя Купалаўскага тэатру» і «Сцэнаграфія». Выданьні адразу сталі бібліяграфічнымі рэдкасьцямі. На 14,15 і 16 верасьня плянавалі вялікую вечарыну з дакумэнтальнай тэатральнай хронікай, якую знайшлі ў розных архівах, з фрагмэнтамі выбітных спэктакляў. У Аляксандраўскім сквэры 21 верасьня з 12-й да 23-й гадзіны меркавалі правесьці «Тэатральны пікнік», а за будынкам тэатру зьбіраліся адкрыць «Алею зорак».

Рыхтавалі прэм’еры — на канец жніўня былі заплянаваныя два паказы плястычнага спэктаклю «En souvenir de Шагал» («Успамінаючы Шагала»), які паставіў расейскі рэжысэр Сяргей Зямлянскі. Былі раскупленыя ўсе квіткі. Мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін працаваў над новай пастаноўкай «Тутэйшых». Афішы зрабіў мастак Уладзімер Цэсьлер, яны былі разьвешаныя па горадзе і правіселі з траўня па верасень. Пачалася праца над «Ідыліяй» Дунін-Марцінкевіча. На камэрнай сцэне Раман Падаляка рыхтаваў спэктакль «Колеры Беларусі» пра Міхала Анемпадыстава. Аднак нічога з гэтага так і не адбылося.

Хроніка падзеяў «гарачага жніўня» 2020-га

13 жніўня, пасьля масавых фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, жорсткага разгону акцыяў пратэсту, пабіцьця і катаваньняў пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага запатрабаваў спыніць гвалт і публічна выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў.

16 жніўня бальшыня актораў і тагачасны дырэктар тэатру Павал Латушка падпісалі адкрыты зварот да сілавікоў, у якім заклікалі да неадкладнай адстаўкі і завядзеньня крымінальных справаў супраць тых, хто аддаваў «злачынныя загады», і «ўсіх службовых асобаў, вінаватых ці тых, хто мае дачыненьне да гэтых злачынстваў».

Пратэст супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру, 17 жніўня 2020 года

17 жніўня дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка быў звольнены, а выконваць абавязкі дырэктара прызначылі намесьніка міністра культуры Валерыя Грамаду.

18 жніўня ў тэатар прыехаў тагачасны міністар культуры Юры Бондар. Каля будынку, упрыгожанага бел-чырвона-белымі сьцягамі, натоўп людзей з плякатамі сустрэў яго воклічам «Ганьба!». Купалаўцы таксама «прывіталі» міністра словам «Сыходзь!» Яны далі Бондару адзін дзень, каб міністэрства прыняло рашэньне аднавіць на пасадзе Паўла Латушку і каб дзейны міністар падаў у адстаўку.

Размова купалаўцаў зь міністрам культуры Юрыем Бондарам скончылася заявай актораў: наступнага тэатральнага сэзону ня будзе. І паклалі перад міністрам паўсотні заяваў аб звальненьні. Раніцай наступнага дня купалаўцы не змаглі трапіць у будынак. Паводле афіцыйнай вэрсіі, там быў санітарны дзень, абвешчаны праз каранавірус.

21 жніўня Купалаўскі тэатар пайшоў «у прастой» — усяго акторы і супрацоўнікі напісалі каля 80 заяваў аб звальненьні на імя новага дырэктара тэатру Валерыя Грамады (якога прызначылі замест Паўла Латушкі). Частку звольнілі 26 жніўня: народных артыстаў Беларусі Зою Белахвосьцік, Арнольда Памазана; заслужаных артыстаў Беларусі Алену Сідараву, Юлію Шпілеўскую, Ігара Дзянісава, Натальлю Качаткову і Георгія Маляўскага; артыстаў Паўла Харланчука, Рамана Падаляку, Міхася Зуя, Дзьмітрыя Есяневіча, Валянціну Гарцуеву, Сьвятлану Анікей, мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна, усіх рэжысэраў.

Пратэст супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру, 17 жніўня 2020 года

На пачатку верасьня адбылася яшчэ адна плынь звальненьняў: сышлі народныя артысты Віктар Манаеў, Аляксандар Падабед, а таксама Марта Голубева, Дзіяна Камінская і Мікалай Кучыц. А зь імі і зусім маладыя акторы, якія толькі прыйшлі на працу ў Купалаўскі — Яўгенія Адаменка паступіла на службу ў пачатку жніўня, а ў канцы месяца ўжо пакінула тэатар.

Пустая сцэна

У жніўні і верасьні ўсе спэктаклі ў Купалаўскім скасавалі — не было каму граць. Былы дырэктар тэатру Павал Латушка так пракамэнтаваў тады масавыя звальненьні:

«Няма дзяржавы, няма краіны, няма нацыі без сваёй культуры. Як казаў Максім Гарэцкі, тэатар — храм нацыянальнага адраджэньня. Звальненьне актораў і супрацоўнікаў Купалаўскага — гэта не параза народу, не параза нацыі, гэта параза тых, хто ня ўмее слухаць, ня ўмее чуць. Можна прымусіць маўчаць, але спыніць думкі — немагчыма. Гэта нібы спроба паставіць на калені беларускую культуру», — сказаў Павал Латушка.

Увосень былі скасаваныя ўсе спэктаклі, новая адміністрацыя спрабавала ладзіць у будынку канцэрты танцавальнага калектыву «Харошкі», аркестру Міхаіла Фінберга (на выступ прыйшлі 11 гледачоў). Мастацкай кіраўніцай тэатру прызначылі акторку Вольгу Няфёдаву. У тэатры абвяшчалі некалькі кастынгаў актораў. Але не зусім пасьпяхова.

Акторы з Саратава, Тулы і Пензы

У верасьні 2022 году ў трупу Купалаўскага былі залічаныя амаль два дзясяткі актораў з Расеі: масквічка Натальля Шчарбакова, Ільля Галушкін з Саратава — абое пасьля Расейскага інстытуту тэатральнага мастацтва (ГИТИС); масквічка Ганна Мешчаракова і Барыс Цяцёркін з Тулы — пасьля Маскоўскага інстытуту сучаснага мастацтва, Інэса Ісакава — пасьля Яраслаўскага тэатральнага інстытуту. Ёсьць і старэйшыя акторкі — 62-гадовая Сьвятлана Гусарава зь Пензы, якая ў 1983 годзе скончыла Яраслаўскае тэатральнае вучылішча.

Спачатку шмат спэктакляў ставілі па-расейску заежджыя расейскія гастралёры-рэжысэры. І толькі ў 2024 годзе адбылася першая беларускамоўная прэм’ера — камэдыя Ўладзіслава Галубка «Пісаравы імяніны», якую паставіў малады беларускі рэжысэр Павал Марыніч. Цяпер збольшага спэктаклі ставяць па-беларуску.

Расейскі рэжысэр Дзьмітрый Акімаў летась паставіў у Купалаўскім «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага. Зьдзівілася нават праўладная «СБ — Беларусь сегодня», надрукаваўшы артыкул «Достоевский заговорил на белорусском»

Лукашэнка на сцэне Купалаўскага ў лютым 2021 году

Праўда, гледачы не ў захапленьні ад беларускай мовы ў выкананьні актораў з Расеі.

«Заўзятая тэатралка» Алена на ўмовах ананімнасьці апавядала Свабодзе, што доўга не адважвалася пайсьці ў Купалаўскі, бо было вельмі балюча. Зь яе ўлюбленых актораў там амаль нікога не засталося. Неяк яе дачка прынесла квіткі на «Рамэо і Джульету» — іх на працы раздаваў прафсаюз. Угаварыла маці пайсьці ў тэатар.

«Аншлягу не было, траціна залі пуставала. Спачатку я наагул не зразумела, чаму акторы так старанна выгаворваюць словы, ненатуральна прамаўляюць. Нібыта і правільна, але беларуская мова гучыць неяк неарганічна. Няма той лёгкасьці, прыгажосьці, хоць нібыта яны і стараліся. Але вушы рэзала. Карацей, мы з дачкой пасьля першага акту пайшлі адтуль. Дачка ўжо дома палезла ў інтэрнэт і даведалася, што бальшыня актораў — з правінцыйных расейскіх гарадоў накшталт Тулы, Пензы, Яраслаўлю», — узгадвала Алена.

Расейская папса і шлюбныя цырымоніі

Зараз у рэпэртуары тэатру зь беларускіх спэктакляў — «Паўлінка», дзьве пастаноўкі паводле Аляксея Дударава («Вечар» і «Чорная панна Нясьвіжу»), «Пісаравы імяніны» Ўладзіслава Галубка. На сцэне ідуць спэктаклі «А зоры тут ціхія» паводле Юрыя Бондарава; «Дзядзечкаў сон» паводле Фёдара Дастаеўскага (абодва паставіў расейскі рэжысэр Дзьмітрый Акімаў); «Рамэо і Джульета» паводле Шэксьпіра; «Гарачае сэрца» паводле Аляксандра Астроўскага; «Жаніцьба» паводле Мікалая Гогаля. Ёсьць некалькі дзіцячых спэктакляў. Рыхтуецца прэм’ера «Брамы неўміручасьці» Кандрата Крапівы.

Каштуюць квіткі ад 20 рублёў на бальконе да 40 рублёў у партэры. Аншлягу няма, вольных квіткоў у продажы шмат.

Лукашэнка ў атачэньні новых актораў Купалаўскага тэатру, люты 2021

Галоўны тэатар краіны зарабляе і канцэртамі расейскай папсы. 23 жніўня адбудзецца канцэрт «Танцы на шкле» з удзелам Дзімы Білана, Уладзіміра Прасьнякова і Дзіяны Арбенінай. Квіткі каштуюць 45 рублёў.

А нядаўна ў Купалаўскім тэатры зьявілася новая паслуга — «Правядзеньне цырымоніі ўзяцьця шлюбу».

«Гэта ўнікальная магчымасьць пачаць гісторыю сваёй сям’і ў сьценах найстарэйшага тэатру краіны. Стварэньню сьвяточнай атмасфэры паспрыяюць прыгожы інтэр’ер, артысты і музычнае суправаджэньне аркестру Купалаўскага тэатру», — гаворыцца на сайце ўстановы.

«Мы спадзяваліся, што хутка пераможам»

Пасьля звальненьня з тэатру частка купалаўцаў вымушана была зьехаць: спачатку ва Ўкраіну, а калі пачалася вайна — у Польшчу, Нямеччыну і іншыя краіны.

У Польшчы акторы стварылі суполку «Вольныя Купалаўцы». За чатыры гады яны паставілі больш за дзясятак спэктакляў: «Тутэйшыя», «Страх», «Дзяды», «Сфагнум», «Гусі-людзі-лебедзі», «Плошча Перамогі», «Zekameron», «Юдзіф», «Жыве», «Экстрэмісты», «Валізка».

Заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў звольніўся ня ў першых шэрагах, а крыху пазьней. У 2020 ён змагаўся зь цяжкай хваробай.

«У жніўні 2020-га я трапіў у шпіталь з анкалягічным захворваньнем, таму пісаў заяву ў верасьні, калі асноўная частка ўжо была звольненая. У мяне была размова з новым дырэктарам, ён прасіў застацца, узгадаўшы мае ўзнагароды, мой статус, але я сказаў: „Не, я буду сыходзіць“. Бо іншага выбару проста не было. Гэта мой выбар — супрацьстаяць рэжыму і несправядлівасьці.

Я тады хварэў, мне было складана, але ў мяне быў узьнёслы настрой. Мы спадзяваліся, што хутка пераможам. Ніхто ня думаў, што рэжым Лукашэнкі пойдзе на такое — зьнішчыць Купалаўскі за праяўленую акторамі волю. Нам здавалася, што гэта маразм, у ХХІ стагодзьдзі такое немагчыма», — кажа Ігар Сігоў.

Ігар Сігоў на сцэне падчас спэктаклю па кнізе Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" ў Любліне

Ён зьехаў зь Беларусі ў 2022 годзе, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. Пэўны час працаваў у Варшаве таксістам.

«Зараз я ўвогуле нідзе не працую, зарэгістраваўся на біржы працы. Але я разумею, што гэта часова. Магчыма, знайду штосьці не ў прафэсіі, але жыць можна. У эміграцыі складана, але што рабіць? Ёсьць людзі, якім яшчэ горш. Дзякуй Богу, што час ад часу я працую ў спэцыяльнасьці, граю спэктаклі. Крыху паздымаўся і ў польскім кіно. Калі ў Беларусі ў сэрыялах граў фашыстаў, то зараз — НКВДшнікаў. Нічога не мяняецца (сьмяецца). Але з кіно складанасьці — трэба ведаць польскую мову», — апавядае Сігоў пра сваё цяперашняе жыцьцё ў Варшаве.

Ён дадае, што ні пра што не шкадуе і перакананы, што калегі ўсё зрабілі правільна. Прызнаецца, што напачатку штосьці ў душы балела, але праз 5 гадоў ужо не баліць.

«Складана было маладым хлопцам і дзяўчатам, якія жылі ў арэндных кватэрах у „Магістры“, а іх з малымі дзецьмі выгналі на вуліцу. Таму я паважаю іх яшчэ больш — таго ж Дзіму Есяневіча, які, маючы вялікую сям’ю, цяжарную жонку, сышоў. Балюча тое, што ня ўсе зьехалі, хтосьці без працы застаўся ў Беларусі, а гэтыя людзі аддалі Купалаўскаму вялікую частку свайго жыцьця. Вялікая павага і пашана ім.

Я рады, што большасьць актораў, якія апынуліся ў эміграцыі, прызвычаіліся да складаных умоваў і працуюць, хоць не заўсёды ў спэцыяльнасьці. Актор — такая істота, якая прызвычаіцца да ўсяго. Калі не сядзець склаўшы рукі, ня ныць — праца знойдзецца. Трэба глядзець наперад, верыць, што мы пераможам — нішто ня вечнае», — перакананы Ігар Сігоў.

Спэктакль на аснове даносаў

Актор Алег Гарбуз быў у шэрагу першых, хто напісаў заяву на звальненьне з Купалаўскага ў 2020. Ён вымушаны быў зьехаць з краіны, жыве ў Варшаве.

«У 2020 мы зразумелі, што так жыць немагчыма. Здаецца, купалаўцы былі адзінымі, хто пайшоў да канца — ніводнае прадпрыемства, ніводная фабрыка не спынілі працу. Мы былі адны такія. Што цяпер адбываецца ў Купалаўскім тэатры, не сачу, бо гэта ўжо не тэатар, а фікцыя. Гледача нашага ўжо няма, чуў, што набралі расейскіх актораў. Мабыць, прыехалі па разьмеркаваньні. Адпрацуюць свой тэрмін — зьедуць. Чуў, што цяпер вясельлі у тэатры праводзяць. Сумна ўсё гэта. У нас тут магчымасьцяў больш, чым у тых, хто ў вязьніцы або хто застаўся ўнутры краіны. Беларусь цяпер — вялікая турма на 9 мільёнаў, ня ведаю, як там людзі жывуць», — кажа Алег.

Алег Гарбуз (у цэнтры) на сцэне падчас пастаноўкі “Людзі-гусі-лебедзі”. Чэрвень 2022, Люблін

У Варшаве Гарбуз грае ў спэктаклях «Вольных Купалаўцаў», запісвае аўдыёкнігі. Кажа, што ўсім цяжка: і тым, хто застаўся ў Беларусі і зусім ня можа працаваць у спэцыяльнасьці, і тым, хто апынуўся ў эміграцыі — у іх таксама няма мажлівасьці працаваць напоўніцу.

«Калі была б у нас свая пляцоўка і мы маглі граць усё, што паставілі, магчыма, было б нармальна. Але мы самі ня ў стане аплочваць тэатральныя пляцоўкі. А па-другое, тут і гледача нашага ня так шмат. У тэатры ходзяць прыкладна 5% насельніцтва. У Варшаве, дапусьцім, 100 тысяч беларусаў — то бок 5 тысяч нашых гледачоў. Магчыма, гэтыя 5 тысяч ужо паглядзелі нашы спэктаклі. Хтосьці, магчыма, і хацеў бы прыйсьці, але ня можа сабе гэтага дазволіць. Ну, а мы ня можам сабе дазволіць граць дабрачынна, бо нам шмат чаго трэба аплочваць. Выглядае, што спэктакляў паставілі даволі шмат, але граем іх нячаста з аб’ектыўных прычынаў.

Можа, на прэм’еры народ і зьбярэцца, але мы ж ня можам рабіць іх шмат. Мы стараемся і дэкарацыі, і касьцюмы годныя зрабіць. Але „тэатар-сьвята“ мы не пацягнем», — разважае Алег Гарбуз.

Актор таксама сказаў, што працаваў над заяўкай на фінансаваньне новага праекту ў Беларускую раду культуры. Вельмі спадзяецца, што заяўку спонсары ўхваляць.

«Менавіта для нас напісаная п’еса. Дарэчы, наш былы дырэктар Павал Латушка знайшоў грошы на яе напісаньне, стварэньне музыкі і на пераклад п’есы на польскую і ангельскую мовы. Спадзяемся, спонсары заяўку ўхваляць. Новы спэктакль будзе на аснове даносаў, якія „зьлілі“ „Кібэрпартызаны“. Адштурхнемся, так бы мовіць, ад „стукачоў“. Драматург напісаў твор (пакуль не называю яго імя), Лявон Вольскі — музыку і песьні. Пастараемся, каб спэктакль не атрымаўся змрочным, нягледзячы на тэму», — прачыніў таямніцу Алег Гарбуз.

«Нам складана, але мы існуем»

Валянціна Гарцуева прызнаецца, што ня любіць узгадваць 2020 год — ёй дагэтуль вельмі балюча.

«Я з тэатральнай сям’і: мой прадзед, дзядуля, мае бацькі працавалі ў Купалаўскім. І я ў глыбіні душы спадзявалася, што таксама буду ўсё сваё жыцьцё там працаваць. Тое, што адбылося ў 2020 годзе, было ўпершыню для маёй сям’і, якая 100 гадоў у гэтым тэатры…

На ўсіх нас вельмі „ціснуў“ юбілей — 100-годзьдзе тэатру. Мы падрыхтавалі шыкоўную праграму, плянавалі шмат канцэртаў, марылі, як будзем распачынаць сэзон: зь песьнямі, скокамі й традыцыйнай „Паўлінкай“. На падыходзе была прэм’ера „Шагала“… Але пасьля 9 жніўня, калі кроў пралілася на вуліцах, а тысячы людзей былі пабітыя і кінутыя ў вязьніцу, мы зразумелі, што ўсё гэта немагчыма зьдзейсьніць, калі такое страшнае адбываецца ў краіне», — узгадвае Валянціна.

Валянціна Гарцуева ў Варшаве, 2023 год

Усе купалаўцы, якія падпісалі зварот да сілавікоў, былі перакананыя, што яны ўсё робяць правільна. Людзі верылі ў хуткія перамены, перамога здавалася хуткай і непазьбежнай, кажа актрыса.

«Мне здаецца, мала хто думаў пра кватэры, пра хваробы, бо чорнае — гэта чорнае. Мы не маглі маўчаць і рабіць выгляд, што гэта нармальна. Купалаўцы не маглі сабе дазволіць пачаць сэзон і заплюшчыць вочы. Мы разумелі, што пачнуцца кропкавыя звальненьні — а гэта самае страшнае, што адбылося зь іншымі тэатрамі, адкуль звольнілі 5–7 чалавек, і тэатры працягвалі працаваць.

У мяне пастаянна білася сэрца, гэта былі розныя эмоцыі: і радасьць, і эўфарыя, і страх. Але мы паступілі так, як павінны паводзіцца прыстойныя людзі. Вядома, нам складана, не хапае рэсурсаў нашай трупе, але мы існуем. Гэта для мяне найвялікшая каштоўнасьць учынку 2020 году, нашага звальненьня. Цяпер мы ідзем далей. Гэта самы складаны час для купалаўцаў. Хто выжыў, хто застаўся ў калектыве — гэта вельмі моцныя людзі», — прызнаецца Валянціна.

Яна дадае, што эміграцыя — няпростае выпрабаваньне. Людзі адарваныя ад дому. І большасьць зьехала не таму, што ўсё жыцьцё марыла зьехаць за мяжу.

«Нават ня ведаю, на якой стадыі прыняцьця эміграцыі я цяпер… Вельмі хочацца асабістага шчасьця, творчых перамог, новых праектаў. Гэта вельмі цяжка, бо ўмовы, у якіх мы знаходзімся, — эміграцыя. Але мы маем магчымасьць дыялёгу з нашымі гледачамі, можам рэфлексаваць, разважаць, ствараць новыя праекты. Мне здаецца, у 2020, 2021 годзе, калі была падтрымка, салідарнасьць — лягчэй было і эмацыйна, і фізычна. А цяпер гэта сапраўды цяжка: не павесіць нос, не раскіснуць, арганізавацца», — прызнаецца Валянціна Гарцуева.

Зараз частка «Вольных Купалаўцаў» працуе над новым спэктаклем паводле аповесьці Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча». Рэжысэр — Павал Пасіні, які ўжо ставіў зь беларускімі артыстамі спэктаклі «Дзяды» і «Юдыф».