19 нобэлеўскіх ляўрэатаў папрасілі Трампа дамагчыся вызваленьня 1300 беларускіх палітвязьняў

Сьвятлана Алексіевіч, адна з падпісантак ліста да Трампа

У лісьце выказалі падзяку Трампу, які ўзьняў гэтае пытаньне ў тэлефоннай размове на мінулым тыдні з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер амэрыканскага прэзыдэнта заклікаюць зрабіць больш.

Дзевятнаццаць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі падпісалі адкрыты ліст, у якім заклікалі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа працягваць ціск, каб дамагчыся вызваленьня да 1300 чалавек, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі з палітычных матываў, піша Reuters.

«Мы з павагай заклікаем Вас працягваць актыўныя намаганьні па неадкладным вызваленьні ўсіх вязьняў сумленьня ў Беларусі. Іх свабода ня толькі адновіць справядлівасьць для людзей, але і адкрые шлях да прымірэньня і дыялёгу», — гаворыцца ў лісьце.

Сярод падпісантаў — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Оскар Арыяс, ляўрэаты ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і Герта Мюлер, а таксама 16 ляўрэатаў прэмій у фізыцы, хіміі, мэдыцыне і эканоміцы.

Падпісанты таксама заклікалі спыніць палітычна матываваны судовы перасьлед, каб палегчыць вяртаньне беларусаў, якія масава ўцяклі за мяжу, калі Лукашэнка задушыў масавыя вулічныя пратэсты з-за спрэчных выбараў у 2020 годзе.

Трамп, які сьцьвярджае, што мае заслугу ў спыненьні шасьці войнаў, не хавае свайго жаданьня атрымаць Нобэлеўскую ўзнагароду. Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня ён апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Упершыню за пяць гадоў кіраўнік заходняй дзяржавы назваў Лукашэнку «прэзыдэнтам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп яшчэ раз успомніў пра 1300 беларускіх вязьняў і падзякаваў Лукашэнку

Трамп таксама сказаў, што зь нецярпеньнем чакае сустрэчы з Лукашэнкам, якога гадамі ігнаруюць заходнія краіны за парушэньне правоў чалавека і падтрымку вайны Расеі ва Ўкраіне. Трамп атрымаў ад Лукашэнкі запрашэньне прыляцець у Менск.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства працягваецца няспынна па сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Ці вызваліць Лукашэнка ўсіх палітвязьняў? Якую ўгоду прапануе Трамп Лукашэнку?