А тое, што Іран знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі, цяпер Менск мала хвалюе. Бо сама Беларусь апынулася ў падобнай сытуацыі.
Сьцісла:
- Росквіт у беларуска-іранскіх адносінах прыйшоўся на пэрыяд кіраваньня прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада (2005–2013 гг.). Потым адбыўся спад.
- Беларусь асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад другасныя заходнія санкцыі.
- Вайна ва Ўкраіне спрычынілася да большага збліжэньня рэжымаў Беларусі і Ірана, бо яны апынуліся ў адной кааліцыі.
- Аднак на тле перамоўнага працэсу паміж Беларусьсю і ЗША візыт у Менск прэзыдэнта Ірану выглядае нясвоечасовым.
- За апошнія пяць гадоў аб’ём узаемнага гандлю Беларусі і Ірана павялічыўся ў пяць разоў.
Росквіт і спад беларуска-іранскага супрацоўніцтва
19-20 жніўня Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэзыдэнта Ірана Масуд Пэзэшкіян. Варта адзначыць, што з візытамі ў Беларусь іранскім прэзыдэнтам апошнім часам фатальна не шанцавала. Былы кіраўнік дзяржавы Ібрагім Раісі павінен быў наведаць Беларусь у кастрычніку 2024 году, аднак загінуў у авіякатастрофе за паўгода да гэтай даты.
Цяперашні прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян анансаваў візыт у Менск 26-27 чэрвеня. У тыя дні ў беларускай сталіцы адбываўся саміт ЭАЭС. І прэзыдэнт Ірана плянаваў сумясьціць паездку на саміт з афіцыйным візытам у Беларусь. Аднак ягонаму прыезду перашкодзіла ірана-ізраільская вайна. І вось нарэшце візыт адбыўся.
З візытамі ў Беларусь іранскім прэзыдэнтам апошнім часам фатальна не шанцавала
Росквіт у беларуска-іранскіх адносінаў прыйшоўся на пэрыяд кіраваньня прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада (2005–2013 гг.). Лукашэнка наведаў Тэгеран у 1998 і 2006 гадах, іранскі прэзыдэнт быў з візытам у Беларусі ў 2004-м і 2007-м.
Тое супрацоўніцтва грунтавалася на даволі прагматычным падыходзе з боку афіцыйнага Менску. Ягоная стратэгія будавалася на тым, каб «разьвесьці на бабкі» міжнародных ізгояў, якія знаходзяцца ў непрымірымых адносінах з ЗША, падкія на антыімпэрыялістычную рыторыку і да таго ж маюць нафтадаляры. Тады і пачалося актыўнае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай. Бо гэтыя краіны шчодра спансіравалі ідэйна блізкія рэжымы і палітычныя рухі. На гэта і быў разьлік.
Абменам візытамі, заявам пра палітычную падтрымку адзін аднаго, размовам пра стварэньне нейкай антыамэрыканскай восі спадарожнічалі распрацоўкі сумесных эканамічных праектаў. Аднак гэтыя праекты грунтаваліся не на эканамічным інтарэсе, не на камэрцыйным разьліку, а на палітычных дамоўленасьцях. Эканоміка падганялася пад палітычную мэтазгоднасьць.
Пад шумную прапагандысцкую завесу праекты пачыналіся. Праз нейкі час высьвятлялася, што за сяброўства нехта ж павінен плаціць. Пачыналі лічыць грошы. І тут высьвятлялася, што сур’ёзных эканамічных разьлікаў ніхто не рабіў. І ўсе гэтыя палітычныя дамовы ня мелі пад сабой рэальнай эканамічнай асновы.
Таму надзьмутыя пухіры пачалі лопацца. Пра крах вэнэсуэльскага праекту ўсім добра вядома. Нешта падобнае адбывалася і ў беларуска-іранскіх дачыненьнях. Спачатку ляснулася авантура з будаўніцтвам завода ў Абчаку пад Менскам па вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў «Саманд», бо на гэтыя легкавікі не было попыту. Усьлед сканаў і праект па сумеснай здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафэйр.
Што спрычынілася да новага збліжэньня
Пасьля сыходу прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада беларуска-іранскае супрацоўніцтва застопарылася. Сустрэчы на вышэйшым узроўні адбываліся толькі на самітах.
Іран ужо шмат апошніх гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Бо там дзейнічаюць другасныя санкцыі. Па гэтай прычыне Беларусь асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам — была рызыка трапіць пад згаданыя другасныя заходнія санкцыі.
Але цяпер, гледзячы па ўсім, адбываецца пэўная рэанімацыя беларуска-іранскага супрацоўніцтва. Імпульс гэтаму новаму этапу стаў візыт Лукашэнкі ў Іран у сакавіку 2023 года.
Абодва рэжымы аб’ядноўвае салідарнасьць і ўзаемная падтрымка ў барацьбе з уласнымі народамі
Што стала штуршком для рэанімацыі актыўнай супрацы? Мяркую, лёгіка геапалітычнага пазыцыянаваньня, прычым ня толькі ў зьвязку з вайной ва Ўкраіне. У 2022 годзе Іран перажыў масавыя народныя пратэсты, якія мясцовыя ўлады жорстка задушылі (шмат забітых, прысуджаных да сьмяротнага пакараньня), аб’явіўшы іх змоваю Захаду. Не выпадкова, напярэдадні цяперашняга візыту міністар замежных спраў Іран Сеед Абас зазначыў:
«У спробе арганізаваць каляровую рэвалюцыю ў Беларусі ў 2020 годзе, аналягічную заходнім спробам змены рэжыму ў іншых краінах, быў аказаны такі ж рашучы супраціў, які Іран аказваў зьнешняму ціску дзесяцігодзьдзямі».
То бок абодва рэжымы аб’ядноўвае салідарнасьць і ўзаемная падтрымка ў барацьбе з уласнымі народамі.
А вайна ва Ўкраіне спрычынілася да яшчэ большага збліжэньня. Адбываецца актыўнае супрацоўніцтва РФ і Ірана ў ваеннай сфэры. Расея масава выкарыстоўвае іранскія дроны ў вайне з Украінай. То бок Іран дэ факта стаў саюзьнікам РФ. І гэта таксама спрыяе збліжэньню Менска і Тэгерану.
А тое, што Іран знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі, цяпер Менск мала хвалюе. Бо сама Беларусь апынулася ў падобнай сытуацыі. І ў Менску вырашылі, што цяпер няма чаго баяцца — усё, што можна страціць, ужо страчана.
Актывізацыя гандлю і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва
У ваенным супрацьстаяньні Ізраіля ў саюзе з ЗША і Ірана Менск падтрымаў іранскі бок. Падчас саміту ЭАЭС Лукашэнка заявіў аб салідарнасьці з Іранам і асуджэньні ўдараў па іранскім ядзерных абʼектах.
Аднак на тле разгортваньня перамоўнага працэсу паміж Беларусьсю і ЗША візыт у Менск прэзыдэнту Ірану выглядае не тое, каб дысанансам, але ва ўсялякім разе стварае трохі няёмкую, нават далікатную сытуацыю.
Ён не ў час.
Тут так званая афіцыйная беларуская «шматвэктарнасьць» паварочваецца не зусім прыемным бокам. Прычым, падазрона да сяброўства Беларусі з Іранам ставяцца ня толькі ЗША ці Ізраіль, але і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (даўні сябар афіцыйнага Менску). Бо ўсе суніцкія манархіі на Аравійскай паўвысьпе зьяўляюцца даўнімі ворагамі шыіцкага Ірану.
Падазрона да сяброўства Беларусі з Іранам ставяцца ня толькі ЗША ці Ізраіль, але і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
Не выпадкова падчас перамоваў Лукашэнкі з Пэзэшкіянам суразмоўцы па-рознаму ставілі акцэнты. Прэзыдэнт Ірана наўпрост казаў пра супрацоўніцтва зь Беларусьсю дзеля супрацьдзеяньня «дэструктыўнаму» падыходу з боку ЗША. А Лукашэнка адзначыў, што «мы не сябруем супраць кагосьці».
Рэанімацыя актыўнага супрацоўніцтва пазытыўна адбілася на гандлі паміж краінамі. У 2020 годзе ён складаў усяго толькі каля $20 млн, а ў 2024-м, паводле іранскай статыстыкі, абʼём тавараабароту склаў каля $107 млн. Часткова абарот можа быць вышэйшым, бо некаторыя апэрацыі з-за санкцый праходзяць праз трэція краіны (напрыклад, праз Расею) і не заўсёды адлюстроўваюцца ў афіцыйнай статыстыцы. Прычым, беларускі экспарт пераважае над імпартам. Беларусь пастаўляе ў Іран калійныя ўгнаеньні. У 2023 годзе быў заключаны кантракт на пастаўку 400 000 тон калію. Паводле зьвестак беларускай прэсы, Іран замовіў да 700 карʼерных самазвалаў БелАЗ, аднак ёсьць сумненьні адносна практычнай рэалізацыі такога грандыёзнага праекту.
Бакі могуць падзяліцца ўзаемным досьведам абыходу санкцый. Тут абодва «браты па няшчасьці» маюць магчымасьць інфармаваць і нават дапамагаць адзін другому.
Лукашэнка падчас перамоваў падкрэсьліў гатоўнасьць Беларусі супрацоўнічаць з Іранам у ваенна-тэхнічнай сфэры. Бакі гэтага асабліва не хаваюць. Яшчэ ў 2023 годзе міністры абароны дзьвюх краін падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве ў сфэры падрыхтоўкі ўзброеных сіл. Ваенныя дэлегацыі абменьваюцца рэгулярнымі візытамі. Беларусь можа падключыцца да актыўнай каапэрацыі ў сфэры ВПК Расеі і Ірана. Беларусам цікавы іранскі досьвед у вытворчасьці дронаў. Як раз цяпер гэты кірунак актыўна распрацоўваецца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад канфлікту да дыялёга. Замежная палітыка Беларусі ў пошуках раўнавагі