Памёр паэт, краязнаўца і настаўнік Віктар Вабішчэвіч

Віктар Вабішчэвіч, архіўнае фота

18 жніўня 2025 году на 66-м годзе жыцьця пайшоў з жыцьця паэт, настаўнік і дасьледчык культуры Віктар Вабішчэвіч, паведаміў рэсурс «Бібліятэкі Століншчыны».

Ён нарадзіўся 9 ліпеня 1960 году ў вёсцы Рубель Столінскага раёна, жыў і працаваў у Давыд-Гарадку.

Віктар Вабішчэвіч скончыў гістарычны факультэт БДУ з чырвоным дыплёмам. Настаўнічаў у школе на Палесьсі.

Першыя ягоныя вершы зьявіліся ў друку ў 1977 годзе. Паэт актыўна друкаваўся ў газэтах і часопісах, удзельнічаў у калектыўных зборніках, быў сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Ён — аўтар кніг «Чорны боль» (2003), «Кахаю і люблю» (2006), «Уражаньне» (2009), «ORBI» (2012).

За «Ўражаньне» яго ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй імя Ўладзімера Калесьніка.

У 2000-х гадах ён ня раз быў суразмоўцам журналістаў Радыё Свабода. Прыгадалі самыя яркія ягоныя выказваньні і вершы.

Пра айчыну і суайчыньнікаў

«З нашай вёскі Рубель, якая знаходзіцца ў самай глыбіні Палесься, на рацэ Чаква, паходзіць больш за трыста сьвятароў. У нас ніколі не перарывалася традыцыя веры ў Бога. У нас заўсёды людзі верылі, і вера гэтая была сьвятая, крэўная».

«Для палешукоў увогуле, а для нас, рубельцаў, асабліва характэрны нейкі неўсьвядомлены нацыяналізм. Але не ў савецкім, а ў эўрапейскім разуменьні гэтага слова. Мы разумеем — мы з Рубля, мы размаўляем на сваёй мове, мы цудоўна ведаем свае карані, і сваё „я“ мы нідзе не забываем: ні ў Варшаве, ні ў Омску, ні ў Маскве, ні ва Ўладзівастоку».

«З нашымі людзьмі проста трэба ўмець павярнуць, на што нацыю накіроўваць: ці купляць танную гарэлку і яе піць, ці на нейкую стваральную працу».

Пра настаўніцтва і гісторыю

«Цяжкія пытаньні гісторыі беларускай культуры ў мяне ідуць лёгка. Магчыма, дзеці ведаюць маю фанатычную адданасьць беларушчыне, таму яны з задавальненьнем вучаць і ведаюць дадатковы матэрыял».

«„Тутэйшыя“ сёньня, на жаль, ня страцілі свайго значэньня. Усё, пра што пісаў Купала, актуальнае і ў наш час. Гэтыя прыстасаванцы і нікчэмнасьці, якія ірвуцца да беларускага асэсарства... Не дамагліся расейскага асэсарства, то ірвуцца хоць бы да беларускага».

«А тое, што гэты твор шэсьць разоў забаранялі... Дык хто мы перад абліччам Эўропы? Мы — цывілізаваная нацыя, якая ўвайшла ў 21-е стагодзьдзе, ці ў нас яшчэ 6-е стагодзьдзе на двары, у нас сьпіс забароненай літаратуры: гэта не чапаць, гэта не рабіць».

«І настаўнікі, і вучні пераважна адмоўна ставяцца да фактычнага загаду перавесьці выкладаньне гісторыі на расейскую мову». «Гэта, вядома, удар па гісторыі Беларусі. Але ў першую чаргу, калі глядзець з пункту погляду той самай дзяржаўнай ідэалёгіі, гэта ўдар па беларускай дзяржаўнасьці й самой ідэалёгіі».

Пра паэзію і містыку

«Я, безумоўна, разумею японцаў, я мог бы таксама апісаць 36 краявідаў над маёй Гарыньню».

«Я — абсалютна не містычны чалавек, але ў снах я неаднаразова бачыў востраў Таіці, я неаднаразова там бываў, мне зь дзяцінства сьніліся сны пра Таіці. Памятаю нават, што я выступаў перад абарыгенамі на францускай мове і чамусьці заклікаў іх да паўстаньня».

«На маю думку, паэты ў сваіх творах павінны паказваць прыгожыя ўчынкі, прыгожае жыцьцё чалавека, якое чытачу хацелася б паўтарыць. Сёньня нам бракуе любові, дабрыні, чалавечнасьці — усяму гэтаму літаратура можа навучыць, можа іх неяк прышчапіць чалавеку. Ці ж гэта ня ёсьць удасканаленьнем сьвету? У мяне шмат знаёмых, якія любяць паэзію. І я заўважыў, што гэтыя людзі стараюцца не дапускаць дрэнных учынкаў у сваіх паводзінах».

«Паэт — таксама сьвятар. Сьвятар чалавечай душы».

Тры вершы, што прагучалі на Свабодзе

* * *

На пялёстках росы чыстыя і выкрышталізаваныя.
А крышталікі ўсе роўныя і выдэталізаваныя.
Усе лініі дакладныя і выдасканаленыя,
Гарманічныя, прадуманыя, выстылізаваныя.

Вочы кветак зіхацяць, як быццам вызалачаныя,
Быццам з боскага суквецьця бляскам вымалачаныя.
А пялёсткі ўсе ўрачыстыя і вытанчаныя,
На агледзіны цудоўных фарбаў вылучаныя.

У крыніцах чарадзейных кветкі вымытыя,
Завіткамі мудрагелістымі вывітыя.
Не спрачаюцца з зэфірамі залётнымі
І з павевамі халоднымі балотнымі.

Нараджаюцца паволі песьні ранку —
Дыямэнты зіхатлівыя сьвітанку.
Усьміхаюцца і кветкі, і палі —
Сьвята ліпеня, праменьняў і зямлі.

* * *

Мне сьніцца сон, што ты мая жанчына
І мне насустрач зноў ляціш,
Каб вандраваць па казачнай краіне,
Дзе сьвята й сонечная ціш.

Ты зноў трапляеш у мае абдымкі,
Пяшчотная, як птушаня,
І дорыш пацалункі безупынку
Да самай раніцы, да дня...

Прапаў пярсьцёнак у маўклівай плыні,
І перад намі — далячынь.
Ты ахвяруеш мне Дунай свой сіні,
А я табе — сваю Гарынь.

* * *

Я ўспамінаю той цудоўны вечар,
Які Вы мне падарылі
Ў стомленай ад дзённай сьпякоты,
Вечна бадзёрай Папулоніі.

Мы не заўважалі таго змроку,
Які нясьмела апусьціўся на зямлю, на дрэвы,
Ня бачылі россыпаў срэбра
На хвалях соннай затокі Бараці.

Мы адчувалі, што ў нас адно сэрца,
Аднолькавыя думкі і жаданьні.
Вы хацелі ўзяць яблык спакусы,
Але яго побач не аказалася.

Тады Вы сваёю далікатнай і пяшчотнай рукой
Узялі зь неба поўню —
Вялікую і жоўтую,
Нібы рэпа з гароду ў маім Рублі.

Узялі і паднесьлі мне на далоні —
Вось яна, поўня!
Не паміж намі, а з намі.

І яна завяла нас у царства жарсьці і асалодаў,
Мы апынуліся ў ёй, нібы ў гіганцкім яйку,
Дзе мы зусім непадзельныя —
Адна душа і адно цела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У “Доме літаратара” Віктар Вабішчэвіч, Іна Снарская, Анатоль Сідарэвіч