«Асаблівасьцю гэтых вучэньняў ёсьць тое, што задумы іх правядзеньня шчыльна зьвязаныя з задумамі супольных стратэгічных вучэньняў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі „Захад-2025“», — працытавала Андрэя Сердзюкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яго, вучэньні АДКБ «Узаемадзеяньне-2025» будуць асноўным мерапрыемствам апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі АДКБ. Для іх забесьпячэньня таксама правядуць адмысловыя вучэньні зь сіламі і сродкамі выведкі «Пошук-2025», а таксама з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня «Эшалён-2025».
Андрэй Сердзюкоў дадаў, што ў вучэньнях АДКБ возьмуць удзел больш за 5000 вайскоўцаў і каля 1000 адзінак вайсковай тэхнікі, якія ўжо разгортваюць на палігонах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ўзмацняюць захады бясьпекі перад вучэньнямі каля межаў Беларусі і Расеі- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
- Вучэньні «Захад-2025» адбудуцца ў Беларусі з 12 да 16 верасьня. На іх, як заяўлялі ўлады, правераць магчымасьці Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію, а таксама адпрацуюць «плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і „Арэшніку“». Колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не называлі.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць – 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
- АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-сяброў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
- З 2024 году Армэнія замарозіла свой удзел у палітычных і вайсковых захадах арганізацыі. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт АДКБ.