Беларусь з 1 верасьня на паўгода ўвядзе ліцэнзіі на вываз яблыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар краіны.

Вываз яблыкаў незалежна ад краіны іх паходжаньня за межы Рэспублікі Беларусь будзе ажыцьцяўляцца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам, піша афіцыйны канал ураду.

Рашэньне аб магчымасьці выдачы такой ліцэнзіі будуць прымаць упаўнаважаныя органы зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў дадзенай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь і патрэбы краіны ў ёй на момант узгадненьня ліцэнзіі, гаворыцца ў абгрунтаваньні прынятага рашэньня.

Пастанова прынятая ў «мэтах забесьпячэньня ўнутранага рынку яблыкамі ў міжсэзонны пэрыяд у поўным аб’ёме».

Раней ліцэнзаваньне экспарту яблыкаў у Беларусі ўжо ўводзілі, на такія захады ўрад дзяржавы ішоў некалькі разоў. Апошні раз гэта было ў кастрычніку 2024 году і ў студзені 2025-га. Але тады тэрмін абмежаваньняў складаў толькі тры месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У міністэрстве сельскай гаспадаркі адказалі, чаму бракуе бульбы: вырас попыт


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгуляваньне цэнаў у Беларусі захавалася на 45% тавараў спажывецкага кошыка