Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША праводзіць праверку больш за 55 млн чалавек з дзейнымі амэрыканскімі візамі на прадмет магчымых парушэньняў.
Аб гэтым Associated Press паведамілі ў ведамстве ў адказ на запыт агенцтва.
Праверцы падлягаюць усе ўладальнікі амэрыканскіх віз, сярод якіх могуць быць турысты з розных краін.
Супрацоўнікі ведамства правяраюць, ці не знаходзяцца ўладальнікі віз у краіне даўжэй за належны тэрмін, ці не ўяўляюць яны пагрозы грамадзкай бясьпецы, а таксама іх магчымае дачыненьне да злачыннай або тэрарыстычнай дзейнасьці.
«Мы правяраем усю даступную інфармацыю ў рамках нашай праверкі, уключаючы запісы праваахоўных органаў, іміграцыйныя запісы і любую іншую інфармацыю, якая выяўляецца пасьля выдачы візы і паказвае на патэнцыйную неадпаведнасьць патрабаваньням», — заявілі ў Дзярждэпартамэнце.
Новая фармулёўка ведамства прадугледжвае, што бесьперапынны працэс праверкі стаў значна больш распаўсюджаным і можа азначаць, што візу могуць раптоўна адклікаць нават у тых, каму раней дазволілі знаходжаньне ў ЗША, адзначае AP.
Кіраўнік Дзярждэпартамента Марка Рубіё 22 жніўня заявіў, што Злучаныя Штаты прыпыняюць выдачу працоўных віз кіроўцам грузавікоў.
«Рост колькасьці замежных кіроўцаў, якія кіруюць вялікімі цягачамі з прычэпамі на дарогах ЗША, ставіць пад пагрозу жыцьці амэрыканцаў і падрывае сродкі да існаваньня амэрыканскіх дальнабойшчыкаў», — напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом загадаў амбасадам ЗША часова не прызначаць сумоўі для атрыманьня студэнцкіх візаў