«За сто эўра можна шмат чаго купіць». Як ідзе дзіцячы збор BySol перад школай

Ілюстрацыйнае фота

Пакуль сабралі менш за палову, але тэмп ня горшы за леташні. Прадстаўнік фонду BySol расказаў Свабодзе, як ідзе дзіцячы збор перад школай.

Прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў расказаў Свабодзе, як ідзе традыцыйны збор для дзяцей палітвязьняў перад навучальным годам. Сёлета падалі заяўкі на 244 дзіцяці. Ужо сабралі для 82 чалавек. Кожнаму дзіцяці зьбіраюць па сто эўра. Гэтыя грошы патрэбныя, каб купіць адзеньне, абутак, канцылярскія тавары, заплечнікі ў школу або дзіцячы садок. Збор прадугледжаны для дзяцей палітвязьняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ці ўжо выйшлі на волю. Гэты збор звычайна завяршаюць да 1 верасьня.

«Але бываюць такія сытуацыі, калі нас падтрымліваюць дыяспары з ЗША, Даніі ці яшчэ аднекуль, яны просяць патрываць яшчэ дзень-два. Але заплянавана, што 1 верасьня закрыем», — кажа Зьміцер.

Сёлета падалі 244 заяўкі на дапамогу. Як кажа прадстаўнік BySol, звычайна ў гэтых зборах удзельнічае прыкладна такая колькасьць дзяцей.

«Нічога прынцыпова не зьмянілася. Можа быць, плюс ці мінус дзесяць чалавек у нейкі бок. Вельмі значная частка заявак — ад людзей, якія падаюць іх з году ў год: на леташні школьны збор, на летні зборы, калі зьбіралі на вакацыі для дзетак. Значная частка людзей паўтараюць іх. Гэта пацьвярджае, што матэрыяльны стан сем’яў палітвязьняў стабільна кепскі», — адзначае суразмоўца.

Зьміцер Ягораў, архіўнае фота

Ён дадае, што заяўкі шлюць і новыя людзі. Але тыя, хто жыве у Беларусі, робяць гэта радзей.

«Там гэта зьвязана з рызыкамі. Атрымліваючы дапамогу ад нас, яны рызыкуюць ізноў. Але тыя, хто ў Беларусі атрымліваў ад нас дапамогу раней, працягваюць нам давяраць і зьвяртацца», — кажа ён.

Скандал і салідарнасьць

Зьміцер Ягораў адзначыў, што сёлетняя дынаміка збору выглядае падобна да леташняй.

«Калі казаць пра ахвяраваньні, наколькі людзі цяпер ахвотна данацяць ня толькі на дзіцячыя зборы ў школу, але і агулам на палітвязьняў, на асабістыя зборы, у параўнаньні з мінулым годам, з тым жа пэрыядам, колькасьць данатаў нават трошкі падрасла. Няма выбуховага росту, але і няма ніякіх „хвастоў“. У гэтым сэнсе сытуацыя выглядае адносна добра, салідарнасьць жыве», — адзначае ён.

Ягораў прызнаецца, што часам не атрымліваецца закрыць збор своечасова.

«Мы ў такіх сытуацыях зьвяртаемся яшчэ раз, адрасна, да інстытуцыянальных донараў, да нашых партнэраў: мо хтосьці мае магчымасьць падтрымаць такое. Ня выключана, што мы зьвернемся да прыватных ахвярадаўцаў, якія могуць ахвяраваць больш за стандартную невялікую квоту», — папярэджвае Зьміцер.

Прадстаўнік BySol заўважае, што яшчэ трэба сабраць большую частку сумы, а часу засталося няшмат.

«Але мы перакананыя, што гэты збор зьбярэм, нават калі нам давядзецца шукаць дадатковыя сродкі», — запэўнівае ён.

Зьміцер удакладняе, што за апошні месяц, пасьля скандалу з кіраўніком фонду Андрэем Стрыжаком, сытуацыя са зборамі не пагоршылася.

«Калі глядзець на лічбы збораў, якія ідуць у нас, то сытуацыя не зьмянілася. У інтэрнэце прайшла інфармацыя, што ў нас усё прасела. Гэта ня так. Ідуць данаты, зьбіраюцца зборы. Лічбы досыць някепскія, нават добрыя. Я б не сказаў, што гэты скандал з Андрэем моцна паўплываў на салідарнасьць, на тое, як людзі ўспрымаюць BySol і гэтыя зборы. Бо гэта ж не для Андрэя зьбіраецца, а для асобаў, якім патрэбная дапамога», — кажа ён.

Прадстаўнік BySol падкрэсьлівае значнасьць дзіцячага збору. Ён заўважае, што сто эўра для людзей, якія цяпер жывуць у Эўропе, звычайна выглядае як ня надта вялікая сума.

«Але трэба ўлічваць той стан, у якім гэтыя людзі знаходзяцца. Па-першае, для людзей у Беларусі гэта сапраўды істотна. За сто эўра можа шмат чаго купіць. Па-другое, гэта сем’і, якія выехалі за мяжу. Часам бывае, што ў людзей няма працы або яна вельмі нізкааплатная. Яны жывуць ня тое што ад заробку да заробку, а часам ім проста не хапае, бяруць пазыкі. Яны могуць разьлічваць, што атрымаюць сто эўра, якія дазволяць купіць канцтавары, яшчэ штосьці, абутак», — падсумоўвае Ягораў.

Масавыя зборы для дзяцей палітвязьняў ладзяць ужо пяты год, з 2021 году. Яны праходзяць тройчы на год: перад пачаткам навучальнага году, на Каляды і перад летнімі вакацыямі.