Што Лукашэнка насамрэч сказаў пра размову з Трампам. Аналіз Валера Карбалевіча

Аляксандар Лукашэнка ў Маскве, 29 красавіка 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка ў інтэрвію журналістам беларускіх дзяржаўных мэдыя шмат хваліў Трампа, ва ўсім падтрымаў Расею, казаў, што Беларусь гатовая падключыцца да гарантый бясьпекі Ўкраіне. Наконт вызваленьня палітвязьняў нічога не абяцаў. А яшчэ ўсяляк лаяў палітычных апанэнтаў.

Сьцісла:

  • Лукашэнка пеў дыфірамбы Трампу, абараняў яго ад абвінавачваньняў.
  • Можна меркаваць, ідзе гандаль аб вызваленьні палітвязьняў.
  • Лукашэнка адрынуў любыя прапановы аб перамовах з палітычнымі праціўнікамі.
  • Тэма палітвязьняў у перамоўным працэсе паміж Вашынгтонам і Менскам у значнай ступені зьявілася ў выніку высілак беларускай апазыцыі.

Аляксандар Лукашэнка нарэшце пракамэнтаваў тэлефонныя перамовы з Дональдам Трампам. Цэлы тыдзень чагосьці чакаў, выгадваў ці шукаў зручнай падставы. 22 жніўня падстава зьявілася. Напярэдадні візыту ў Кітай ён даў інтэрвію кітайскай мэдыякарпарацыі (China Media Group). Пасьля чаго адказаў на пытаньня журналістаў беларускіх дзяржаўных мэдыя.

Нейкіх сэнсацый ці нечаканасьцяў мы не пачулі. Усё паводле звыклых лякалаў.

Найперш, што і варта было чакаць, Лукашэнка шмат хваліў Трампа, абараняў яго ад абвінавачваньняў. Паводле яго, прэзыдэнт ЗША не прайграў па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным, а «выдатна», «клясна» выканаў ролю пасярэдніка. «Гэта чалавек, які разумее», «разумнік», — падсумаваў Лукашэнка. І падтрымаў ідэю прысуджэньня яму Нобэлеўскай прэміі міру: «ён гэтага заслугоўвае».

Наконт замірэньня ва Ўкраіне Лукашэнка ва ўсім падтрымаў Расею. Паводле яго, Пуцін хоча міру. Але ёсьць цікавы нюанс. Кіраўнік Беларусі перакананы, што ў першую чаргу трэба ўсё ж дабіцца перамір’я, спыненьня агню, а пасьля можна садзіцца за стол перамоваў і дамаўляцца хоць гадамі. Гэтая пазыцыя бліжэй да пункту гледжаньня Ўкраіны, чым Расеі.

Лукашэнка таксама зьняважліва выказаўся пра Эўропу, маўляў, яна не суб’ект. Украіна па выніках вайны не павінна быць «агрэсіўнай краінай, каб гэта не было пляцдармам для нападу на нас у будучыні».

Для таго, каб разглядаць ахвяру агрэсіі ў статусе «агрэсіўнай краіны», патэнцыйнага «пляцдарму для нападу» на суседзяў у будучыні, трэба валодаць даволі вялікім фантазійным талентам.

Што тычыцца ролі Беларусі, то Лукашэнка чарговым разам пацьвердзіў гатовасьць арганізаваць у Менску саміт з удзелам лідэраў усіх бакоў канфлікту. Прычым, ён адзначыў, што Беларусь гатовая падключыцца да гарантый бясьпекі Ўкраіне.

Нагадаю, Лукашэнка раней шмат разоў цьвёрда абяцаў, што з беларускай тэрыторыі паўднёвай суседцы няма і не будзе ніякіх пагрозаў, запэўніваў, што ён прыедзе да ўкраінцаў не на танку, а на трактары. Што з гэтых гарантыяў атрымалася ў лютым 2022 году, усім добра вядома.

Лукашэнка быў супярэчлівы і ў тэме вызваленьня палітвязьняў. З аднаго боку ён нібыта гатовы іх выпусьціць пры ўмове дэпартацыі з краіны:

«Хочаце паўтары або дзьве тысячы, як яны там лічаць? Забірайце да сябе, вязіце іх туды».

Аднак, зь іншага боку, Лукашэнка заявіў:

«Беларусь зрабіла шэраг крокаў насустрач і зараз чакае іх ад амэрыканскага боку».

Крокі насустрач — гэта вызваленьне невялікімі порцыямі пэўнай колькасьці палітзьняволеных (Трамп называе лічбу 16, насамрэч, іх трохі больш). І цяпер Менск разьлічвае, што ЗША адменіць санкцыі, і новых вызваленьняў чакаць не варта?

Можна меркаваць, цяпер ідзе гандаль аб тым, які бок павінен зрабіць наступныя крокі.

Як і варта было чакаць, Лукашэнка катэгарычна адрынуў любыя прапановы аб перамовах з палітычнымі праціўнікамі:

«Мне зь імі няма пра што гаварыць».

Тое, наколькі хваравіта Лукашэнка ўспрымае апазыцыю ў эміграцыі, сьведчыць наступная рэпліка:

«Беларускія зьбеглыя за мяжой ня маюць ніякага дачыненьня да беларуска-амэрыканскіх дамоўленасьцяў».

Тут справа вось у чым. Ёсьць меркаваньне, што шанцы прэзыдэнта ЗША на Нобэлеўскую прэмію вырастуць ня толькі ў выніку замірэньня некалькіх міжнародных канфліктаў, але і за вырашэньне гуманітарнага крызісу ў Беларусі, то бок вызваленьня палітвязьняў. Чаму менавіта Беларусь у гэтым пляне стала вартая ўвагі Трампа? У сьвеце дзясяткі краін, дзе ёсьць палітвязьні, прычым у большай колькасьці і ў горшай сытуацыі.

Тут шмат прычынаў. І вялікі рэзананс ад пратэстаў 2020 году, пасьля якіх і пачаліся масавыя палітычныя рэпрэсіі. Нагадаю, што ў той момант менавіта Трамп быў прэзыдэнтам ЗША і ягоная адміністрацыя адмоўна рэагавала на дзеяньні Лукашэнкі. І тое, што Беларусь знаходзіцца ў рэгіёне, да якога прыкаваная ўвага сьвету.

Сярод гэтых прычын важную ролю адыграла актыўная дзейнасьць Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, лябісцкія высілкі беларускай дыяспары. Менавіта апазыцыя ўвесь час уздымала тэму палітвязьняў у кантактах з дыпляматамі і палітыкамі ЗША. І цяпер яна апынулася ў парадку дня амэрыканскай адміністрацыі. То бок у тым ліку і ў выніку намаганьняў апазыцыі адміністрацыя Трампа пачала перамоўны працэс з афіцыйным Менскам. І гэта выяўляе палітычную вагу структур эміграцыі. Што моцна не падабаецца Лукашэнку, і ён імкнецца абвергнуць, абясцэніць высілкі апанэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзеі тыдня: Беларускі Нобэль для Трампа. Сэрбскія «кашалькі» Лукашэнкі. Беларусаў не пускаюць у ЭЗ?