Беларусь зьнізіла цэны на малако і масла для Расеі

Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчааньня пастановай № 71 ад 22 жніўня чарговы раз скарэкціравала мінімальныя экспартныя цэны на малочныя прадукты. Дакумэнт сёньня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 23 жніўня.

Міністэрства зьнізіла на 30 расейскіх рублёў да 350 расейскіх рублёў за кіляграм цану на малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншых цьвёрдых відах, з утрыманьнем тлушчу больш за 1,5%, без дабаўленьня цукру або іншых падсалоджвальных рэчываў.

Таксама былі зьніжаныя цэны на сьметанковае масла на тыя ж 30 расейскіх рублёў. Цяпер масла тлустасьцю 80% і больш можна пастаўляць у Расею не таньней за 620 расейскіх рублёў за кіляграм, а масла тлустасьцю ад 72% да 80% — не таньней за 550 расейскіх рублёў за кіляграм.

Гэта другое зьніжэньне цэнаў на малочную прадукцыю ў гэтым месяцы. Пастанова Мінсельгасхарчу № 69 ад 13 жніўня ўжо карэктавала расцэнкі на некаторыя віды прадукцыі беларускай вытворчасьці, што рэалізуецца па зьнешнегандлёвых дамовах.

Дакумэнт прадугледжваў павелічэньне экспартных цэнаў на тушы і паўтушы буйной рагатай жывёлы, сьвежыя, ахалоджаныя або замарожаныя, а таксама на іншае неабваленае мяса буйной рагатай жывёлы. Расцэнкі на мяса ад маладняку буйной рагатай жывёлы і ад дарослых быкоў вырасьлі тады на 10 цэнтаў і цяпер складаюць $5 за кіляграм. Новыя цэны дзейнічаюць пры пастаўках тавару ва ўсе краіны, за выключэньнем Расеі.

Таксама на 10 цэнтаў да $3,7 за кіляграм былі зьніжаныя экспартныя цэны на малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншых цьвёрдых відах, з утрыманьнем тлушчу больш як 1,5%, без дабаўленьня цукру або іншых падсалоджвальных рэчываў.

Тая пастанова набыла моц з 15 жніўня 2025 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зноў зьмяніла экспартныя цэны на ялавічыну і малочныя прадукты