Што стаіць за выбухам гвалту падчас пратэстаў у Сэрбіі? Аналіз Свабоды

Сэрбскія сілавікі на антыўрадавай акцыі пратэсту каля офісу Сэрбскай прагрэсіўнай партыі ў Бялградзе. 15 жніўня 2025 году

Хваля пратэстаў, якая пачалася ў Сэрбіі ў лістападзе 2024 году, уступіла ў новую фазу штодзённых сутыкненьняў паміж дэманстрантамі і паліцыяй з 12 жніўня, калі ў паўночных гарадах Вэрбас і Бачка-Паланка ўспыхнуў гвалт.

Пра сытуацыю ў Сэрбіі піша дырэктар Балканскай службы Радыё Свабодная Эўропа Мілаш Тэадоравіч.

Гэтыя інцыдэнты выклікалі пратэсты ў дзясятках сэрбскіх гарадоў, у тым ліку ў сталіцы Бялградзе, паліцыю абвінавачваюць у жорсткіх паводзінах па ўсёй краіне.

«Чацьвёра ці пяцёра зь іх (паліцыянтаў) білі мяне, ударылі галавой аб бэтон», — сказаў студэнт-фізык Душан Цвэткавіч Балканскай службе Радыё Свабодная Эўропа. Цвэткавіч быў арыштаваны ў Бялградзе 14 жніўня падчас антыўрадавага пратэсту. Міністэрства ўнутраных справаў Сэрбіі не зьняпраўджвала і не камэнтавала заявы ані Цвэткавіча,ані іншых пратэстоўцаў, якія вінавацілі паліцыю ў празьмерным ужываньні сілы.

Пратэсты яшчэ больш распаліла відэа ў другі дзень сутычак, на якім маладыя людзі, затрыманыя ў Нові-Садзе, кленчаць перад паліцыянтамі пасьля арышту.

Відэа перш апублікавалі праўрадавыя СМІ. Цвэткавіч таксама сказаў, што яго завезьлі ў машыне без апазнавальных знакаў у гараж і пакінулі зь сінякамі на твары ад пабіцьця.

У іншых выпадках прыхільнікі кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі (СПС) нападалі на мірных дэманстрантаў.

Хто стаіць за дэманстрацыямі?

Заклікі да дэманстрацыяў штодня распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Людзей запрашаюць далучыцца праз групы, якія студэнты выкарыстоўваюць для зносін з грамадзкасьцю з пачатку пратэстаў. Многія грамадзяне адрэагавалі на заклікі мірным чынам, але на відэазапісах Радыё Свабодная Эўропа і іншых мэдыя таксама відаць, як мужчыны ў масках кідаюць камяні і піратэхніку ў паліцыю.

Пратэстоўцы разграмілі некалькі офісаў СПС, а ў Валеве, за 80 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Бялграду, пашкодзілі таксама штаб-кватэру Сэрбскай радыкальнай партыі, якую ўзначальвае асуджаны ваенны злачынец і былы палітычны настаўнік прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча Воіслаў Шэшэль.

Падставай для пачатку пратэстаў у лістападзе 2024 году стала сьмяротнае завальваньне даху чыгуначнага вакзалу ў Нові-Садзе.

У выніку трагедыі загінулі 16 чалавек, грамадзкасьць была шакаваная паведамленьнямі аб тым, што да абвалу прывяла кепская якасьць працаў пры будаўніцтве чыгуначнага вакзалу, узорнага ўрадавага праекту, які вялі кітайскія кампаніі. Наступнымі днямі дзясяткі факультэтаў у Бялградзе, Нові-Садзе, Нішы і іншых унівэрсытэцкіх гарадах заблякавалі студэнты, пратэст якіх падтрымлівалі большасьць прафэсараў. Гэтыя падзеі выклікалі хвалю дэманстрацыяў, якой не было з часоў зрынаньня рэжыму Слобадана Мілошавіча ў 2000 годзе.

Спачатку патрабаваньні канцэнтраваліся на адказнасьці за трагедыю ў Нові-Садзе і прыцягненьні да адказнасьці нападнікаў на студэнтаў-дэманстрантаў. Праз шэсьць месяцаў студэнцкія арганізацыі, раней у значнай ступені апалітычныя, заклікалі да датэрміновых выбараў.

Якой была рэакцыя Вучыча?

Некаторыя патрабаваньні студэнтаў былі задаволеныя. Урад апублікаваў тысячы дакумэнтаў, зьвязаных з рэканструкцыяй Нові-Саду. Але крытыкі сьцьвярджаюць, што архіў няпоўны і не праясьніў ключавых момантаў. Яны таксама заявілі, што, публікуючы тысячы дакумэнтаў, Вучыч і ўрад проста спрабавалі выглядаць празрыстымі, папраўдзе заблытваючы сытуацыю вакол праекту вакзалу.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч у пашкоджаным памяшканьні кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі. Бялград, 18 жніўня 2025 году

У ліпені СПС звольніла чатырох партыйных актывістаў, абвінавачаных у нападзе на студэнтаў бялградзкага тэатральнага факультэту ў ходзе мірных пратэстаў у студзені.

Аднак Вучыч ніколі не асуджаў правакацыйную рыторыку чыноўнікаў сваёй партыі ці праўрадавых СМІ, некаторыя з якіх параўноўвалі дэманстрантаў з нацыстамі або ўсташамі, харвацкімі фашыстамі часоў Другой сусьветнай вайны, усташамі.

Што будзе далей?

Будучыня пратэстаў і агульная палітычная сытуацыя ў Сэрбіі застаецца няпэўнай. Падзел паміж кіроўнай элітай Сэрбіі і яе крытыкамі большы, чым калі-небудзь. Грамадзкі гнеў з прычыны карупцыі і арганізаванай злачыннасьці, якія з году ў год адзначаюцца ў справаздачах ЭЗ, дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню.

Упершыню з таго часу, як яго партыя прыйшла да ўлады ў 2012 годзе, Вучыч сутыкаецца з сапраўдным сацыяльным супрацівам. Аднак гэты супраціў ня мае палітычнага характару, бо ў апазыцыі не дамінуе пэўная партыі. Адзінай аб’яднаўчай сілай паўстаньня застаецца студэнцкі рух — пакаленьне маладых людзей, якія ўжо страцілі год вучобы праз пратэсты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сэрбіі працягваюцца антыўрадавыя пратэсты, якія перарастаюць у сутычкі з паліцыяй. ФОТА