Былы зьняволены крымскі журналіст Свабоды Ўладзіслаў Есіпенка расказаў пра арышт, катаваньні токам, расейскі суд і турму ў Крыме

Уладзіслаў Есіпенка на судзе, Сімферопаль, 15 ліпеня 2021 году

«Казалі, што я не дажыву да суду, проста зьнікну»,— гісторыя журналіста-фрылансэра праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Крым.Рэаліі» Ўладзіслава Есіпенкі, які працаваў у праекце Радыё Свабода Крим.Реалії, а пасьля адбыў больш за 4 гады ў расейскіх катоўнях.

Уладзіслаў Есіпенка — былы бізнэсмэн з Крывога Рогу, чатыры гады працаваў у анэксаваным Крыме, здымаючы відэаматэрыялы для Крим.Реалії. За гэта расейскія спэцслужбы абвінавацілі фрылансэра ў «шпіянажы», ён правёў чатыры з паловай гады ў расейскім зьняволеньні. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Ўладзіслава Есіпенку палітычным зьняволеным. Нягледзячы на шматлікія міжнародныя акцыі ў падтрымку журналіста-фрылансэра, яму ўдалося выйсьці на волю толькі адбыўшы ўвесь тэрмін зьняволеньня. Пра тое, што яму давялося перажыць за гэты час — ад затрыманьня супрацоўнікамі ФСБ, катаваньняў і «аўдыенцыяў» у спэцслужбах да выратаваньня і вяртаньня дадому — Уладзіслаў Есіпенка расказаў праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода Крим.Реалії. Аўтары Анжаліка Рудэнка і Вікторыя Весялова.

Аднойчы з рэдакцыяй Крим.Реалії зьвязаўся невядомы чалавек. Ён заявіў, што чытае наш сайт і жадае супрацоўнічаць, у тым ліку выяжджаючы ў анэксаваны Расеяй Крым. Прапанова выглядала дзіўнай, журналісцкая дзейнасьць на Крымскім паўвостраве рызыкоўная ў прычыны рэпрэсіўных практык расейскіх спэцслужбаў і сілавікоў. Тым не менш чалавек настойваў, што для яго гэтая праца важная, бо сам ён вымушаны быў пакінуць Крым праз расейскай анэксію у 2015 годзе.

Так пачалася супраца Крим.Реалії з Уладзіславам Есіпенкам — былым бізнэсмэнам, якога нязгода з расейскай агрэсіяй прывяла ў журналістыку, а затым у расейскую няволю.

За ўсе гады зьняволеньня журналіста ў расейскіх вязьніцах ягонае імя гучала на ўсіх аўтарытэтных міжнародных пляцоўках. Праваабаронцы і кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) ня раз называлі яго справу палітычна матываванай і заклікалі РФ вызваліць яго.

Акцыя ў падтрымку Ўладзіслава Есіпенкі ў Кіеве, 2021 год

Крымінальны перасьлед Уладзіслава Есіпенкі ў Крыме стаў адной з многіх гісторыяў, у якіх гучаць заявы аб катаваньнях у ФСБ, пабіцьці, пагрозах забойствам і ўжываньні электратоку ў вязьніцах расейскіх сілавікоў.

Пра ўсё гэта Ўладзіслаў Есіпенка апавядае ўжо пасьля вызваленьня з Керчанскай калёніі і вяртаньня на мацерыковую частку Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі журналіст Радыё Свабода Уладзіслаў Есіпенка выйшаў на волю зь вязьніцы ў акупаваным Крыме

«Папярэджвалі, што на волю жывым ня выйду»

Пасьля таго як тэрмін зняволеньня Ўладзіслава Есіпенкі ў Керчанскай калёніі падышоў да канца, ён чакаў новага тэрміну. Рыхтаваўся, што супрацоўнікі ФСБ зноў адправяць яго ў СІЗА ці іншае месца, бо ведаў пра такія гісторыі.

«Падчас сьледзтва мяне канкрэтна папярэдзілі супрацоўнікі ФСБ, што я на волю жывым не выйду. Мяне выклікалі на размовы ў ФСБ, пыталіся, як далей, кім хачу быць. Я разумею, што так адбывалася куратарства — яны кантралявалі маю адседку. Супрацоўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў казалі, што мною цікавяцца супрацоўнікі ФСБ. І калі я выходзіў, супрацоўнік ФСБ са мной гутарыў. Вельмі мала людзей выходзілі менавіта з падобнымі артыкуламі, каб ім далей не прад’яўлялі нейкі тэрмін», — кажа Ўладзіслаў Есіпенка.

Керчанская калёнія, архіўнае фота

Хвалявалася з гэтай прычыны і сям’я журналіста. Але нэгатыўны сцэнар ня здарыўся. Пасьля выхаду з Керчанскай калёніі журналіста ў Крыме суправаджаў ягоны адвакат. Разам яны выехалі ў кірунку расейскага Адлеру. Гэта быў першы пункт доўгага вяртаньня Ўладзіслава Есіпенкі на мацерыковую частку Ўкраіны ва ўмовах поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня РФ.

«Першае, што я ўбачыў пасьля выхаду на свабоду, — гэта Крымскі мост. Мы пераяжджалі яго, і была пагроза, што пэрыядычна яго перакрываюць. Мы нейкі час чакалі, калі можна будзе праехаць. Я праяжджаў там раней як журналіст. Цяпер гэта сапраўды такое добра ўмацаванае збудаваньне. Стаяць бонавыя плывучыя загароды, нейкія мэталічныя канструкцыі, каб усе гэтыя катэры (надводныя дроны УСУ. — РС) не прарваліся туды», — кажа Ўладзіслаў Есіпенка.

Керчанскі мост

З Адлеру экс-палітвязень самалётам вылецеў у Ерэван, а затым у Прагу, дзе яго чакалі сям’я і калегі з RFE/RL. Неўзабаве Ўладзіслаў Есіпенка прыехаў у Кіеў.

«Эмоцыі білі цераз край. Я разумеў, што вось, пэўна, зараз я вольны, усё скончылася. Гэта, мусіць, самае лепшае, калі зьведваеш другое нараджэньне. У мяне тры эмоцыі былі. Першая — калі мы ўзьляцелі. Другая эмоцыя — калі ў Празе сустрэўся з сваёй сямʼёй. І трэцяя — калі мы выйшлі з Валодзем Прытулам (Уладзімір Прытула — шэф-рэдактар праекту Крим.Реалії) і калегамі з чыгуначнага вакзалу ў Кіеве. Я ўбачыў гэты горад, гэты рух, мітусьню. І нібы накрыла хваляй цеплыні. Разумееш, што ты дома», — успамінае ён.

Уладзіслаў Есіпенка з жонкай Кацярынай і дачкой Стэфаніяй у аэрапорце Прагі пасьля вяртаньня з Керчанскай калёніі, 22 чэрвеня 2025 году

«Спынілі, паклалі тварам у падлогу»

Да затрыманьня і арышту Ўладзіславу Есіпенку ўдавалася чатыры гады быць рэпартэрам у Крыме. Калі журналіст прыяжджаў на Крымскі паўвостраў, спыняўся ў Алушце ў крымчанкі Лізаветы Паўленкі.

«Мы зь ёю пазнаёміліся праз Фэйсбук і неяк пасябравалі. Пагатоў яе бацькі пахаваныя ў Крывым Розе, дзе я жыву. На яе просьбу я даглядаў іхныя магілы. І яна запрасіла мяне ў госьці ў Алушту. Таму я ўжо прыяжджаў, можна сказаць, да сябра», — узгадвае журналіст.

Лізавета Паўленка

Уладзіслаў Есіпенка перастаў выходзіць на сувязь пасьля таго, як наведаў акцыю ўскладаньня кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Сімферопалі 9 сакавіка 2021 году. Удзельнікі акцыі трапілі ў кадры апэратыўнай здымкі расейскіх сілавікоў. Калі Ўладзіслаў Есіпенка і Лізавета Паўленка вярталіся ў Алушту, іх аўтамабіль спынілі на Ангарскім перавале супрацоўнікі расейскай ДАІ.

Пост расейскай ДАІ

«Спыніў супрацоўнік ДАІ нібыта для праверкі дакумэнтаў. Я выйшаў, паказаў дакумэнты, Лізавета сядзела на пасажырскім крэсьле. І ў гэты момант пад’ехаў аўтобус супрацоўнікаў ФСБ. Паклалі мяне тварам у падлогу. Лізавету адразу адвялі, я яе ня бачыў. Але пасьля даведаўся, што пэўны маральны ўплыў на яе быў. Проста людзі прыйшлі і перавярнулі ёй усю кватэру», — кажа журналіст.

Лізавета Паўленка пра гэта публічна не заяўляла. Расейскія сілавікі афіцыйна паведамлялі толькі пра затрыманьне Ўладзіслава Есіпенкі і ня згадвалі якіх-небудзь дзеяньняў у дачыненьні да Лізаветы Паўленкі.

На момант затрыманьня Ўладзіслаў Есіпенка, як ён кажа, пры сабе меў нож. Сьцьвярджае, што насіў яго заўсёды «для зручнасьці».

Наяўнасьць гранаты ў аўтамабілі, у перавязеньні якой яго абвінавацілі расейскія сілавікі, журналіст адмаўляе.

Уладзіслаў Есіпенка пасьля затрыманьня, 2021 год

Абарона Ўладзіслава Есіпенкі заяўляла аб мностве нюансаў, якія ўказвалі на сумнеўнасьць абвінавачаньняў. Нават расейская экспэртыза не знайшла адбіткаў пальцаў на гранаце, нібыта «выяўленай» у яго аўтамабілі.

На судзе паказаньні сьведкаў наконт гэтага таксама разыходзіліся.

«Адны казалі, што ўбачылі яе (гранату) на сядзеньні, другія — што ў „бардачку“, і гэтак далей. Быў нават адмысловы сьледчы экспэрымэнт, у выніку якога гэтая граната ня ўлезла ў маленькі „бардачок“ маёй машыны. Пагатоў яна была яшчэ з чахлом, гэта значыць не магла ўлазіць у гэты „бардачок“», — успамінае журналіст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкаваў, але рабіў сваю працу». Крымскі журналіст Радыё Свабода Ўладзіслаў Есіпенка — на волі

«Завезьлі ў падвал і пускалі празь мяне ток»

Пасьля «выяўленьня» гранаты расейскія сілавікі пасадзілі Ўладзіслава Есіпенку ў свой аўтобус і везьлі ў невядомым кірунку каля гадзіны, кажа ён.

«Надзелі мне навушнікі чорныя, каб я ня чуў, пра што яны размаўляюць, і чорныя акуляры, як матацыклетныя, празь якія нічога не было відаць. Далей мяне ўзялі пад рукі і завялі ў склеп нейкі. Я гэта зразумеў, бо мы спускаліся ўніз па прыступках. Далей адразу ж мяне разьдзелі і трымалі некалькі чалавек. Паклалі на падлогу. Я кажу: „Што вы робіце?!“. Моўчкі, усё абсалютна моўчкі робіцца. Далей мне надзяюць нейкі дрот на вушы і пускаюць ток. Гэта быў шок, я ня ведаў, як рэагаваць на гэта. Быў дзікі боль. Гэта працягвалася, можа, хвіліны тры, можа, пяць. Гэта значыць, проста пускалі празь мяне ток», — сьцьвярджае журналіст.

Уладзіслаў Есіпенка пасьля арышту, 2021 год

Пасьля гэтага білі нагамі, кажа ён. Пры гэтым сілавікі нічога не патрабавалі і не тлумачылі матываў сваіх дзеяньняў.

Журналіст мяркуе, што такім чынам яны спрабавалі «зламаць яго волю» і пераканаць у «сур’ёзнасьці сваіх намераў».

Пасьля фізычных катаваньняў Уладзіслава Есіпенку пасадзілі на крэсла і пачалі распытваць «аб імёнах, яўках і паролях», вінавацячы яго ў тым, што ён — «украінскі шпіён». Тлумачэньням, што ён журналіст-фрылансэр і здымае для YouTube-каналу, ня верылі, таму зноў білі і катавалі токам, сьцьвярджае ён.

Каб спыніць гэтыя катаваньні, журналіст падпісаў дакумэнты з «прызнаньнем», якія яму далі расейскія сілавікі. Кажа, што ў той момант «гатовы быў прызнацца ў забойстве Кенэдзі, абы выжыць».

Пра гэтыя катаваньні Уладзіслаў Есіпенка заявіў у падкантрольным Расеі крымскім судзе, які разглядаў яго справу. Пасьля гэтага яго паўторна вазілі «на падвал», кажа ён.

Уладзіслаў Есіпенка ў судзе, 2021 год

У выпадку паўторных катаваньняў журналіст плянаваў «зрабіць сабе расьсячэньне аб дзьвярны вушак ці рог», каб моцны крывацёк прыцягнуў увагу сілавікоў, якім «трэба будзе ў СІЗА тлумачыць, што адбылося». Але на гэты раз абышлося толькі псыхалягічным ціскам.

«Быў мат-перамат, казалі, што аднаго зь іх празь мяне ў Маскву выклікалі. Казалі, што я — пыл пад нагамі і яны мяне растопчуць, што я не дажыву да суду, што ў мяне нават лягеру ня будзе, я проста зьнікну. Тлумачылі, што ў мяне адзіны шанец выжыць і выйсьці з турмы — гэта супрацоўніцтва зь імі», — успамінае Ўладзіслаў Есіпенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік — на выставе ў Празе, прысьвечанай савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. ФОТА

«Вы — Есіпенка? Вас ужо шукаюць усюды»

Доўгі час пасьля затрыманьня да Ўладзіслава Есіпенкі не дапускалі незалежных адвакатаў. У крымскім упраўленьні ФСБ яму надалі дзяржаўнага абаронцу — крымскага адваката Віялету Сіняглазаву.

Віялета Сіняглазава

Яна не зафіксавала ў пратаколе сьлядоў гвалту на целе Ўладзіслава Есіпенкі, пра якія ён ёй заявіў. Адвакат рэкамэндавала пайсьці на ўгоду са сьледзтвам, прызнаць віну і даць прызнальныя паказаньні, «бо так удасцца раней выйсьці і будуць лепшыя ўмовы ўтрыманьня», — казала раней Радыё Свабода жонка журналіста Кацярына Есіпенка.

Віялета Сіняглазава публічна ня згадвае аб сваім супрацоўніцтве з крымскімі сьледчымі органамі. Аднак справа Ўладзіслава Есіпенкі — не адзіная, у якой яна брала ўдзел як дзяржаўная абаронца і схіляла падабаронных да прызнаньня віны, сьцьвярджаюць у Крымскай праваабарончай групе.

Крым.Рэаліі раней спрабавалі зьвязацца зь Віялетай Сіняглазавай, але яна на запыт не адказала.

Уладзіслаў Есіпенка сьцьвярджае, што не жадаў ісьці на ўгоду са сьледзтвам і прасіў іншага абаронцу, але сьледчы «пад пагрозамі паўторнага адпраўленьня на падвал» прымусіў яго падпісаць пісьмовы дакумэнт аб адмове ад незалежных адвакатаў.

Сытуацыю зьмяніў выпадак, калі ў СІЗА журналіста прывялі ў памяшканьне, дзе былі фігуранты крымскіх «экстрэмісцкіх» справаў і справаў «Хізб ут-Тахрыр».

«Я пачаў шукаць магчымасьці з кімсьці зьвязацца і паведаміць пра сябе. Там была адвакатка, якая прыехала да кагосьці з крымскіх татараў. Я зараз не магу назваць яе прозьвішча. Я падышоў да яе і сказаў: „Вы не маглі б неяк перадаць інфармацыю? Я — вось такі і такі“. Яна кажа: „Дык гэта вы — Есіпенка? Вас ужо шукаюць усюды — і ваша жонка, і адвакаты. Вельмі добра, што вы знайшліся“. І на наступны дзень прыехаў адвакат Тарас Амельчанка. І я напісаў заяву аб тым, што адмаўляюся ад адваката Сіняглазавай і хачу, каб маімі адвакатамі былі Тарас Амельчанка, Эміль Курбядзінаў і Аляксей Ладзін (адвакаты, якія доўгі час абаранялі палітвязьняў у Крыме. — РС)», — апавядае Ўладзіслаў Есіпенка.

Уладзіслаў Есіпенка ў Сімферопалі ў судзе

Незалежныя адвакаты змаглі зафіксаваць сьляды ад катаваньняў на целе Ўладзіслава Есіпенкі і абаранялі яго цягам усяго судовага працэсу.

Гарбата з генэралам ФСБ і кава з палкоўнікам СБУ

Журналіст узгадвае, як пасьля затрыманьня супрацоўнікі ФСБ вадзілі яго на сустрэчу з «генэралам ФСБ Міхайлюком», які прымаў яго з гарбатай і цукеркамі.

«Мне чамусьці запомнілася, што ён падобны быў да Пуціна. І ён выразна інтанацыі Пуціна перадаваў. Такое адчуваньне, што гэта ягоны стрыечны брат. Ён на таварыскай ноце пачаў дыялёг. Маўляў, не крыўдуйце: тое, што з вамі адбылося, паверце, мы не жадалі гэтага. І такую фразу згадаў, што сам „праз гэта таксама праходзіў“. Далей ён з прыжмурваньнем пуцінскім сказаў, каб я даў у кожным разе прызнальныя паказаньні, а потым мне дадуць максымум тры гады. Паўтара гады трэба будзе пасядзець у турме, і потым мяне адпусьцяць паводле ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Я разумеў, што, напэўна, мяне прывезьлі паказаць яму, што злавілі „супрацоўніка спэцслужбаў“, які працуе на Радыё Свабода. Мне ў той момант абсалютна было нецікава, што ён гаворыць. Бо я для сябе вызначыў, як буду дзейнічаць. На стале ў яго стаяла вазачка з цукеркамі. Мне важна было ў канцы размовы ўзяць гэтыя цукеркі і прынесьці ў камэру — пачаставаць маіх сяброў», — апавядае Ўладзіслаў Есіпенка.


Будынак ФСБ у Сімферопалі, дзе да 2014 году была ўправа СБУ

Размова, паводле яго, працягвалася каля 15 хвілін. Затым генэрал сышоў.

Праз тыдзень пасьля затрыманьня Ўладзіслава Есіпенкі на падкантрольнай расейскім уладам крымскай тэлевізіі паказалі яго «інтэрвію» галоўнаму рэдактару тэлеканалу «Крым 24», дарадцу расейскага галавы Крыму Алегу Кручкову. У ім журналіст называе сябе «супрацоўнікам украінскіх спэцслужбаў», а сваім куратарам — палкоўніка СБУ Віктара Краўчука.

Гэтае інтэрвію, з словаў Уладзіслава Есіпенкі, ініцыяваў сьледчы, пытаньні і адказы падрыхтавалі супрацоўнікі ФСБ, а Алег Кручкоў «быў чалавекам, якому сказалі, як папугаю, пагаварыць і сваім тварам патаргаваць».

Алег Кручкоў

Алег Кручкоў публічна не заяўляў, што сустракаўся з Уладзіславам Есіпенкам на заданьне ФСБ. На канале «Крым 24» сьцьвярджаюць, што «тэлеканал напісаў запыт і атрымаў магчымасьць пагаварыць зь Есіпенкам».

Такую ўвагу крымскіх СМІ да сябе журналіст лічыць спробай расейскіх спэцслужбаў нібыта «паказаць усяму сьвету, што супрацоўнікі Радыё Свабода і Крим.Реалії паралельна працуюць шпіёнамі».

Уладзіслаў Есіпенка сьцьвярджае, што ніколі не працаваў на ўкраінскія спэцслужбы і не атрымліваў такіх прапановаў. Віктара Краўчука ён называе «сваім прыяцелем», зь якім у іх «былі дастаткова нармальныя шчыльныя адносіны» і сумесныя паходы «на каву». Зь яго дапамогай, кажа Ўладзіслаў Есіпенка, ён плянаваў зьняць матэрыял аб крымінальным мінулым расейскага галавы Крыму Сяргея Аксёнава, у якім яго абвінавачваў нябожчык генэрал МУС Украіны Генадзь Маскаль.

З словаў Уладзіслава Есіпенкі, ён мае мноства кантактаў з украінскімі сілавікамі, у тым ліку супрацоўнікамі СБУ і МУС, якія зьявіліся яшчэ з 90-х гадоў, калі ён займаўся апэрацыямі зь нерухомасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская сэнатарка заклікала да «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня» Ігара Лосіка

«Мэдыйнасьць дала магчымасьць не загінуць»

Спачатку ФСБ РФ абвясьціла, што Ўладзіслаў Есіпенка абвінавачаны ў зборы інфармацыі «ў інтарэсах спэцслужбаў Украіны» і «захоўваньні боепрыпасаў». Яму ставілі ў віну, у прыватнасьці, «ажыцьцяўленьне фота- і відэафіксацыі мясцовасьці, аб’ектаў жыцьцезабесьпячэньня і месцаў масавага знаходжаньня людзей на тэрыторыі Крыму».


Уладзіслаў Есіпенка

Але ў судзе з усіх абвінавачаньняў засталося толькі перавязеньне боепрыпасаў.

Падкантрольны Расіі Сімферопальскі раённы суд асудзіў яго на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі і прызначыў штраф 110 тысяч рублёў.

Уладзіслаў Есіпенка віны не прызнаў і аспрэчваў прысуд. Падкантрольны Маскве Вярхоўны суд Крыму зьмякчыў яго да пяці гадоў пазбаўленьня волі з штрафам. Пасьля гэтага Есіпенка быў адпраўлены ў Керчанскую калёнію, дзе адбываў пакараньне.

Нягледзячы на тое, што ў ФСБ публічна абвінавацілі Ўладзіслава Есіпенку ў «шпіянажы», да суду гэтае абвінавачаньне не дайшло. Ключавое значэньне ў гэтым адыграла публічнасьць вакол ягонай справы, лічыць журналіст.

Акцыя ў ў падтрымку Есіпенкі ў Кіеве, 2021 год

«Мэдыйнасьць адыграла сваю ролю. У гэтым выпадку ў ФСБ разумелі, што будзе ўвага ня толькі ўкраінскай грамадзкасьці, але і сусьветнай. І ў гэтым выпадку ім будзе складана даказваць. Таму яны пайшлі шляхам найменшага супраціву — пакінулі толькі гранату. Я разумею, што я заехаў у СІЗА ўжо як мэдыйная асоба. Кіраўніцтва СІЗА казала, што пра мяне пішуць», — разважае ён.

Мэдыйнасьць, на думку Ўладзіслава Есіпенкі, «дае магчымасьць не загінуць», бо стрымлівае кіраўніцтва і супрацоўнікаў ФСБ ад «нейкіх кардынальных крокаў».

Дзякуючы публічнасьці вакол гэтай справы, упэўнены Ўладзіслаў Есіпенка, расейскія спэцслужбы не наважыліся вэрбаваць яго, хоць і прапаноўвалі супрацоўнічаць за грошы.

Калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, у Керчанскай калёніі, дзе знаходзіўся Ўладзіслаў Есіпенка, пачалі вэрбаваць зьняволеных на вайну. Аднойчы на такое «сумоўе» запрасілі і яго. Але калі ён назваў сваё прозьвішча, зь ім, як ён сьцьвярджае, адразу ж разьвіталіся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці «адкрыюць неба», каб выйшаў Бяляцкі? Роза Турарбекава — пра новы этап вызваленьня палітвязьняў