Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала спыніць зьдзек з жанчын-палітвязьняў


У гомельскай жаночай калёніі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота.
У гомельскай жаночай калёніі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Спыніць зьдзек з жанчын-палітвязьняў заклікала дэмакратычная лідэрка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская.

«У Беларусі прынамсі 178 жанчын знаходзяцца ў турмах як палітвязьні. Яны сутыкаюцца з прыніжэньнямі, адмовай у мэдычнай дапамозе і пагрозамі страціць дзяцей. Гэтая жорсткасьць павінна спыніцца. Ніводная жанчына не павінна падвяргацца гвалту за „злачынства“ — імкненьне да свабоды», — напісала дэмакратычная лідэрка ў сацсетцы «Х» (былы «Твітар»).

18 жніўня "Прававая ініцыятыва «пры падтрымцы праваабарончага цэнтру «Вясна» і іншых арганізацый накіравала зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі адносна жанчын (CEDAW) з патрабаваньнем пачаць расьсьледаваньне парушэньняў правоў чалавека ў дачыненьні да жанчын у зьняволеньні ў Беларусі.

У звароце падкрэсьлівалася, што гаворка ідзе не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сыстэму рэпрэсій, у якой гендарна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжаньне сталі нормай, асабліва ў дачыненьні да жанчын-палітвязьняў.

  • Паводле праваабаронцаў «Вясны», цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1184 палітвязьні. Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў больш — 1315 чалавек. Розныя ініцыятывы могуць выкарыстоўваць розныя крытэры ацэнкі.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG