Дарадца па прававых пытаньнях Ціханоўскай Леанід Марозаў апублікаваў адпаведную заяву:
«Мы вітаем рашэньне Нямеччыны аднавіць выдачу гуманітарных візаў для беларусаў. Безумоўна, беларускія дэмакратычныя сілы і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай адразу адрэагавалі, калі прыём заяў быў прыпынены. Мы вялі працу з нашымі нямецкімі партнэрамі, уздымалі гэтую праблему на ўсіх узроўнях — і сёньня бачым вынік гэтых намаганьняў [...]
Магчымасьць гуманітарнага прыёму ў Нямеччыне літаральна зьмяняе лёсы людзей, вяртае ім надзею і пачуцьцё абароненасьці. Нямеччына застаецца вернай сваім каштоўнасьцям і гатовай дапамагаць тым, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю. Гэта сапраўды вялікае праяўленьне чалавечай і палітычнай салідарнасьці».
Аб тым, што Нямеччына прыпыніла выдачу гуманітарных віз, якія атрымлівалі і беларусы, стала вядома 24 ліпеня сёлета.
МУС Нямеччыны на старонцы сайта з апісаньнем гуманітарных праграм паведамляла, што «цяпер працэдуры гуманітарнага прыёму прыпыненыя». Сярод тых, хто мог атрымліваць нямецкія гуманітарныя візы, былі і ўладальнікі пашпартоў Беларусі і Расеі, якія «падвяргаюцца асаблівай рызыцы ў сувязі з вайной, прасоўваньнем ідэй дэмакратыі і правоў чалавека або крытыкай рэжыму».
Узмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі стала часткай пагадненьня новай кіроўнай кааліцыі. У выніку ў траўні ўрад ФРН зацьвердзіў законапраект аб адмене магчымасьці паскоранага атрыманьня грамадзянства замежнікамі і магчымасьці ўзьяднаньня асобных груп бежанцаў з чальцамі сям’і.
Вядома, што з пачатку 2022 года гуманітарныя візы атрымалі каля 3000 расейцаў.
Як паведамляла @dw_belarus, па гэтай праграме Нямеччына прыняла з 2020 па 2024 гады 267 грамадзян Беларусі, найбольш такіх віз беларусы атрымалі ў 2022 годзе — 125.
Форум